Каранавірус, які выклікае захворванне COVID-19, можа захоўвацца ў паветры ў закрытым кандыцыянаваным памяшканні не менш за 30 хвілін і перамяшчацца на адлегласць да 4,5 метра. Гэта больш, чым «бяспечная адлегласць», рэкамендаваная органамі аховы здароўя ўсяго свету (да 2 метраў), адзначаецца ў даследаванні, праведзеным групай кітайскіх эпідэміёлагаў. Пра яго вынікі ў аўторак паведаміла газета South China Morning Post, адзначае ТАСС.

Навукоўцы з правінцыі Хунань прааналізавалі канкрэтны выпадак распаўсюду каранавіруса ў аўтобусе далёкага следавання, у якім апынуўся інфікаваны кітаец без маскі. Ён у выніку заразіў семярых пасажыраў у розных месцах салона, у тым ліку пару, якая сядзела ад яго на адлегласці шасці шэрагаў, або 4,5 метра. Акрамя таго, вірус затым перадаўся пасажыру наступнага рэйса, які сеў у аўтобус у складзе ўжо іншай групы праз 30 хвілін з моманту высадкі папярэдняй.

Навукоўцы таксама ўсталявалі, што каранавірус можа на працягу некалькіх дзён захоўвацца на паверхні, дзе аселі кроплі, выдзеленыя з дыхальных шляхоў пры кашлі або чханні. Пры гэтым час, на працягу якога інфекцыя працягвае існаваць у знешнім асяроддзі, залежыць ад тэмпературы і тыпу матэрыялу. Напрыклад, пры 37 градусах па Цэльсіі вірус здольны заставацца актыўным ад двух да трох дзён на паверхні шкла, тканіны, металу, пластмасы або паперы.

Кітайскія навукоўцы канстатавалі важнасць мыцця рук і нашэння масак у грамадскіх месцах, асабліва, у транспарце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна