Адзін сенатар і чатыры кангрэсмены ад Рэспубліканскай партыі ў ЗША абвясцілі пра рашэнне самаізалявацца пасля таго, як стала вядома, што яны мелі кантакт з чалавекам, які захварэў на каранавірус, піша bbc.com.
Гэтыя кангрэсмены, у ліку якіх — сенатар ад штата Тэхас Тэд Круз, віталіся за руку з заражаным чалавекам на партыйнай канферэнцыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які таксама прысутнічаў на гэтай канферэнцыі ў штаце Мэрыленд у канцы лютага, але не меў прамых кантактаў з тым чалавекам, настойвае, што адчувае сябе добра і не мае патрэбы ў тэставанні.
Тэд Круз, кангрэсмен з Арызоны Пол Газар, кангрэсмен з Джорджыі Дуг Колінз і кангрэсмен з Фларыды Мэт Гетц добраахвотна пагадзіліся прайсці працэдуру каранціну на працягу 14 сутак.
Кангрэсмен-рэспубліканец Марк Медоўз, нядаўна прызначаны кіраўніком апарата прэзідэнта Трампа, таксама сустракаўся з тым чалавекам і таксама знаходзіцца ў добраахвотным каранціне.
У ЗША пацверджаны 738 выпадкаў заражэння ў 34 штатах і акрузе Калумбія. Колькасць смерцяў дасягнула 26.





