Усіх, хто мог з ім кантактаваць, адправілі на каранцін, паведамляе «Радыё Свабода».

Пацыент, у якога выявілі каранавірус, у нядзелю, 8 сакавіка, прыкладна з 9-10 гадзін раніцы абследаваўся ў сталічным медыцынскім цэнтры «Ладэ» на праспекце Незалежнасці. Гэтую інфармацыю «Радыё Свабода» пацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя і ў самім цэнтры «Ладэ».

«Цяпер наш цэнтр працуе ў штатным рэжыме, прымаем усіх пацыентаў, якія прыходзяць на абследаванне, на прыём да дактароў. Панікі няма. Уся поўная інфармацыя — у Міністэрстве аховы здароўя, усе звесткі акумулююцца там. У адпаведнасці з інструкцыяй мы паведамілі пра гэты выпадак у Мінздароўя. Больш пакуль нічога сказаць не магу», — расказала прэс-сакратарка «Ладэ» Вольга Чэрнікава.

У сераду раніцай усіх дактароў і наведнікаў, якія знаходзіліся ў медцэнтры «Ладэ» ў адзін час з пацыентам, у якога пазней знайшлі каранавірус, павезлі ў Бараўляны на каранцін. Іх няшмат, бо быў выходны і святочны дзень; людзей вызначалі па часе прыёму і камэрах відэаназірання. Гэтую інфармацыю пацвердзіла «Свабодзе» прэс-сакратар Мінздароўя Юлія Барадун.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна