15-гадовы навучэнец каледжа па начах краў выручку і тавар з крамаў і ўстаноў грамадскага харчавання. Да здзяйснення злачынстваў у адных выпадках ён прыцягваў 14-гадовага сябра, у іншых — 18-гадовую знаёмую, піша Звязда/

У канцы студзеня хлопцы гулялі па вячэрнім горадзе і натрапілі на закрытую кавярню. Старэйшы таварыш раней размаўляў з работнікамі ўстановы і меркаваў, што ключ знаходзіцца ва ўмоўленым месцы каля дзвярэй. У выніку падлеткі знайшлі яго, увайшлі ў памяшканне і скралі 500 рублёў.

У пачатку лютага ў іншым раёне сталіцы яны разбілі шкло і праніклі ў гандлёвы павільён на рынку. У гэты раз іх здабычай сталі 70 рублёў. Грошы патрацілі на забавы і выпіўку. Праз некалькі дзён зламыснікі ўзламалі адразу тры крамы, не абсталяваныя сігналізацыяй. З двух нічога не ўзялі, а з трэцяй вынеслі тавар амаль на 900 рублёў. На наступную раніцу аператыўнікі крымінальнага вышуку выйшлі на іх, а выкрадзенае выявілі дома ў старэйшага змоўшчыка.

Падчас следства падлеткі зноў здзейснілі злачынства, на гэты раз хуліганства: у горадзе разбілі шкло ў прыпаркаваным аўтамабілі.

Пасля гэтага старэйшы хлопец вырашыў схавацца, і яму зноў спатрэбіліся грошы. Іх ён вырашыў скрасці ва ўласнай маці. Падлетак «за бутэльку» ўгаварыў незнаёмца ўзламаць дзверы кладоўкі ў бацькоўскай кватэры, дзе ляжалі сямейныя зберажэнні. З тайніка юнак забраў каля 800 рублёў у рознай валюце і адправіўся на таксі ў Гомель. Але план знікнення не спрацаваў — хлопец зноў трапіўся сышчыкам.

У пачатку сакавіка на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх было вырашана накіраваць 15-гадовага падазраванага ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу. У тую ж ноч ён разам з 18-гадовай знаёмай абакраў дзве гандлёвыя кропкі. Дзяўчына разбівала каменем шкло, а юнак уваходзіў у памяшканне, забіраў грошы і тавар. Іх здабычай сталі каля 600 рублёў, якія пара выдаткавала на куплю ў ламбардзе двух модных смартфонаў.

Зараз ідэйны натхняльнік усіх злачынстваў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да ўсіх траіх удзельнікаў распачатыя крымінальныя справы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна