Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што для панікі ў краіне з нагоды сітуацыі з каранавірусам COVID-19 няма ніякіх падстаў, паведамляе БЕЛТА.

Гэтая тэма была на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам аховы здароўя Уладзімірам Каранікам. «Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў, што не варта ствараць ажыятаж і скупляць рознага роду лекі або медыцынскія маскі. «Пабеглі, скупілі… І што цяпер? Цяпер зразумелі, што перанапружыліся», - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што зараз медыцынскія маскі ў Беларусі вырабляюцца на некалькіх прадпрыемствах у вялікай колькасці. «Сотні тысяч штук у суткі. Няхай купляюць, калі камусьці трэба», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо ўсё зразумелі з падачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і дактароў у свеце, што маску варта насіць толькі захварэлым, каб знізіць рызыку заражэння навакольных. «Але ёсць людзі, якія перастрахаваліся, пачалі гэтыя маскі і спецадзенне апранаць. Мы не пярэчым. Толькі не павінна быць непатрэбных рухаў цела, не павінна быць ніякай панікі», — лічыць беларускі лідар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0