Больш за 100 чалавек сабраліся ў Пінску на перадвыбары адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі. Перамогу яны аддалі кіраўніку Руху «За свабоду» Юрыю Губарэвічу.
Ураджэнец Берасцейшчыны, ён учора перамог таксама ў Драгічыне і заняў другое месца на сходзе ў абласным цэнтры.
Губарэвіч, які стаіць на ліберальна-кансерватыўных пазіцыях, спадзяецца, што з прыцягненнем да праймэрыз увагі шырэйшага кола людзей ён здолее абысці хрысціянскага дэмакрата Паўла Севярынца.
Абодва кандыдаты выступаюць за ўмацаванне незалежнасці, рынкавыя пераўтварэнні і змену сістэмы ў краіне, але разыходзяцца ў тактычных і сацыяльных пытаннях.
Галасы ў Пінску размеркаваліся наступным чынам:
Юрась Губарэвіч — 48, Павел Севярынец — 45 галасоў, Мікалай Казлоў — 4, Аляксей Янукевіч — 3, Вольга Кавалькова — 0. Несапраўдны бюлетэнь — 1.
Агульны залік: Севярынец — 322, Губарэвіч — 170, Казлоў — 42, Кавалькова — 19, Янукевіч — 14.
«Гэта лагічны вынік, калі на сходы пачынаюць прыходзіць не ангажаваныя ў дзейнасць партыйных структур людзі», — сказаў «Нашай Ніве» пасля перамогі ў Пінску Юрась Губарэвіч.
«Папулістычныя лозунгі не знаходзяць падтрымкі ў шырэйшай аўдыторыі», — заўважае ён.
Юрась Губарэвіч.
«Перамагчы можна, калі апазіцыйны кандыдат аб'яднае пратэставую большасць», — кажа Юры Губарэвіч.
Сёння перадвыбары пройдуць таксама ў Століне — у кавярні на вуліцы Церашкова 60, корпус 2), а ў аўторак — у Баранавічах, у кавярні «Папараць-кветка» (вул. Камсамольская 23, корпус 1).





