За нядзелю 15 сакавіка ў Італіі ад каранавіруса памерлі 368 чалавек. 255 з іх — у эпіцэнтры, правінцыі Ламбардыя.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Грамадзянскай абароны Італіі.

Колькасць заражэнняў расце па ўсёй Італіі. Медыкі зарэгістравалі каля 3500 новых хворых, але пры такой колькасці выпадкаў зразумела, што ўсе лёгкія формы проста перастаюць трапляць у статыстыку. Гэтым тлумачыцца і працэнт смяротнасці, які ў Італіі дасягнуў жахлівых 8 %.

Усяго ў Італіі ад Covid-19 памерла ўжо 1809 чалавек. Пераважная большасць ахвяр — пацыенты ад 60 гадоў з пабочнымі хваробамі.

Дактары працуюць у памяшканні, прыстасаваных пад прыём пацыентаў у Брэшыі (Ламбардыя, Італія). Фота LaRepubblica.it.

Дактары працуюць у памяшканні, прыстасаваных пад прыём пацыентаў у Брэшыі (Ламбардыя, Італія). Фота LaRepubblica.it.

Трывожная сітуацыя складваецца таксама ў Іспаніі і Швейцарыі, некаторых іншых краінах Еўрасаюза.

Па стане на вечар 15 сакавіка колькасць выяўленых ахвяр каранавіруса ў свеце перавысіла 6500.

Усяго ў свеце выяўлена больш за 167 тысячы заражэнняў.

Асабліва трывожная сітуацыя складаецца ў Італіі, Іране, Іспаніі.

Высокая колькасць смяротных выпадкаў прапарцыйна да колькасці выяўленых носьбітаў фіксуецца ў Інданэзіі, Францыі, ЗША, Нідэрландах і на Філіпінах. Гэта можа азначаць, што ў дадзеных краінах выяўленая толькі малая доля носьбітаў інфекцыі. Аналагічнае адносіцца да Іспаніі і Італіі.

Па колькасці выяўленых заражэнняў на душу насельніцтва ў чырвонай зоне таксама Швейцарыя, Нарвегія, Данія, Эстонія, Славенія. Швецыя, Аўстрыя.

Можна чакаць, што сітуацыя ў найбліжэйшыя дні будзе абвастрацца. Пакуль свайго піка ў Еўропе і ЗША эпідэмія не дасягнула.

Большасць еўрапейскіх краін увялі строгія каранцінныя меры, спынілі заняткі ў школах і ўніверсітэтах і рыхтуюць праграмы дапамогі кампаніям, якія пацерпяць ад эканамічнага спаду ў выніку пандэміі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?