Аляксандр Лукашэнка, даючы згоду на назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, заклікаў іх без панікі будаваць сваю працу ў сувязі з сітуацыяй з каранавірусам, перадае БЕЛТА.

«Выклікаў вельмі шмат. Вы бачыце: свет звар'яцеў ад каранавіруса або, можа быць, на аснове гэтых усіх разваг па каранавірусе.

Але для нас не гэта галоўнае і страшнае. Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывем і гэты.

Былі і паскладаней вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая пнеўманія. Потым ахкалі і войкалі, адкуль гэта з'явілася: вось, бачыце, СМІ вінаватыя, што яны занадта шырока і не так асвятлялі праблемы. Напэўна, і ў гэты раз СМІ абвінавацяць праз месяц-другі. Хоць і да іх прэтэнзій нямала», — адзначыў Лукашэнка.

На яго думку, у Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы. Медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецвопратку ці нейкія лекі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасля таго, як у краіне рэзка вырас попыт на медыцынскія маскі, айчынныя прадпрыемствы былі арыентаваны на павелічэнне аб'ёмаў іх вытворчасці. Як расказаў Лукашэнка, пра сітуацыю яму дакладваў прэм'ер-міністр.

Аказалася, што цяпер няма куды падзець выпушчаную прадукцыю.

«Пашылі — падзець няма куды. Легпрам патрабуе: аплаціце нам. А ахова здароўя кажа: нам столькі не трэба, нам няма куды падзець. Праўда, я яму сказаў, што трэба разгортвацца: у Германіі не хапае спецадзення, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсць попыт», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, акрамя Мінску і буйных гарадоў, сітуацыя з каранавірусам не такая праблема для раёнаў і раённых цэнтраў. «Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасць) — гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў кірунку каранавіруса вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расія — падкрэсліваю — закрыла мяжу з Беларуссю», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойнае становішча, а «Расія ўся палае ад каранавіруса» [у Расіі па стане на раніцу 16 сакавіка — 64 выпадкі — НН]. «Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытанне рытарычнае», — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў мясцовыя органы ўлады без усялякай панікі працаваць з людзьмі, нагадваючы ім пра меры засцярогі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0