На 88-м сёлета 14 сакавіка пайшоў з жыцця архітэктар Ігар Есьман, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Фота Вадзіма Заміроўскага, Tut.by

Ігар Іванавіч Есьман нарадзіўся 1 мая 1932 года. Яго прафесійная дзейнасць у асноўным была звязана з інстытутам «Мінскпраект», дзе ён працаваў з 1960 па 1995 год спачатку галоўным архітэктарам праектаў, затым кіраўніком майстэрні. Адначасова з 1992 па 1995 год быў дырэктарам уласнай творчай майстэрні.

Па праектах Ігара Есьмана узведзены дзясяткі будынкаў сталіцы. Ён аўтар гасцініцы «Арбіта», карпусоў лінгвістычнага універсітэта, педуніверсітэта, актавай і спартыўнай залы інстытута народнай гаспадаркі (цяпер БДЭУ), а таксама комплексу інтэрнатаў гэтай ВНУ з блокамі абслугоўвання, размешчаных па Веласіпедным завулку. Па праектах І. Есьмана пабудаваны жылыя дамы на Партызанскім праспекце і Раманаўскай Слабадзе, эксперыментальны дзіцячы сад-яслі ў мікрараёне «Серабранка-6» і іншыя дзіцячыя дашкольныя ўстановы. У суаўтарстве з калегамі створаны праект станцыі метро «Пушкінская».

Самай прыкметнай работай стаў 15-ы корпус БНТУ, збудаваны каля МКАД. Гэты будынак часта параўноўваюць з караблём або авіялайнерам. Па суседстве з ім размясцілася група інтэрнатаў незвычайнай трохкутнай формы.

— У гэтай рабоце, як у люстэрку, адбіліся ўсе мае засмучэнні і радасці, творчыя мукі і азарэнні. Выклікана гэта было вялікай адказнасцю перад такім значным аб'ектам і першапачатковай разгубленасцю перад аб'ёмам працы і тымі ўмовамі, якія мне настойліва спрабавалі навязаць архітэктурныя чыноўнікі. На жаль, рэалізавана толькі нязначная частка гэтага праекта, — пісаў ва ўласнай аўтабіяграфіі І. Есьман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0