У сувязі з успышкай вірусных інфекцый у дзіцячых паліклініках Мінска абмежавалі прыём здаровых дзяцей. Пра гэта Мінск-Навінам расказала в.а. галоўнага доктара 4-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Святлана Фіясь.
На сайце 4-й дзіцячай паліклінікі з'явілася інфармацыя аб тым, што ва ўстанове прыпынены прыём здаровых дзяцей «у сувязі з сезонным уздымам захворвання на ВРІ». Так, абмежаванні закранулі вакцынацыі, прафагляды, выдачы штогадовых даведак аб стане здароўя.
«Хворых з тэмпературай просяць звяртацца праз фільтр-бокс», — сказана ў паведамленні.
С. Фіясь распавяла, што нягледзячы на гэта, ўсіх дзяцей, якія звяртаюцца ва ўстанову, прымаюць. Калі дзіця было загадзя запісана да пэўнага доктара, спецыяліст абавязкова яго прыме ў агульным парадку.
Такія новаўвядзенні не адмяняюць прыём усіх здаровых дзяцей, а толькі абмяжоўваюць, каб паменшыць колькасць кантактаў.
Па словах С. Фіясь, папярэдне такое новаўвядзенне будзе дзейнічаць да 6 красавіка і тычыцца яно ўсіх дзіцячых устаноў аховы здароўя Мінска.





