Былы палітвязень, кіраўнік інфармацыйнай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка заявіў, што збіраецца заснаваць грамадскі рух «у абарону сямейных, рэлігійных, маральных і культурных каштоўнасцяў, якім пагражае ЛГБТ-прапаганда».

Андрэй Бандарэнка. Фота belsat.eu.

Андрэй Бандарэнка. Фота belsat.eu.

Што стала нагодай для такога рашэння? Бандарэнка кажа, што прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці дабіліся таго, каб ягоныя допісы ў фэйсбуку блакаваліся.

«Цяпер кожнае блакаванне будзе суправаджацца мной публікацыяй навуковых даследаванняў, відэафільмаў, якія пацвярджаюць шкоду прапагандаванага ЛГБТ ладу жыцця», — напісаў Бандарэнка.

Першай справай ён выклаў фільм расійскага прапагандыста Аркадзя Мамантава «Садом».

«Не магу вам [прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці] не падзякаваць за тое, што я, будучы абсалютна абыякавым да вашай тусоўкі чалавекам, змог усвядоміць, што з вамі трэба змагацца ўсімі сродкамі, тут і цяпер. Бо потым будзе позна», — адзначыў праваабаронца.

«Наша Ніва» задала Андрэю Бандарэнку некалькі пытанняў.

«НН»: Вы лічыце, што сталі «мішэнню» для атак з боку ЛГБТ-супольнасці. А як даўно гэта адбываецца?

АБ: Усё пачалося для мяне зусім нечакана. Пасля збіцця Мікалая Купрыча актывісты пачалі кампанію «Так, я таксама пі…р». Яшчэ не разумеючы ўсёй «адказнасці», я выказаў меркаванне, што гэтае цынічнае выкарыстанне банальнага хуліганства для прапаганды ЛГБТ — недапушчальна. Да таго часу я звяртаў увагу на рост колькасці пазітыўных артыкулаў аб ЛГБТ у СМІ, але не надаваў гэтаму значэння і не выказваўся публічна. А пасля публікацыі на фэйсбуку майго стаўлення да акцыі на мяне нахлынула куча абураных каментатараў, якія вінавацілі мяне ў гамафобіі. Першапачаткова я не зразумеў, у чым сутнасць і чаму менавіта «гамафоб»? Я не заклікаў, не патрабаваў, не настойваў, проста выказаў сваё стаўленне як грамадзянін. Аднак усе спробы паразумецца сутыкаліся са сцяной непаразумення: альбо ты з намі, альбо супраць нас. Ну ок, калі пытанне стаіць так, значыць зробім выбар. Ён аказаўся такім, якім і павінен быць у нармальнага разважнага чалавека, які ставіць хрысціянскія, культурныя, гістарычныя і маральныя прынцыпы грамадства вышэй за імгненныя задавальненні перакручанай «моды».

Чытайце: Хуліган, які збіў мінчука з ЛГБТ-кампаніі, расказаў, чаму так атрымалася

«НН»: Ад каго менавіта сыходзяць гэтыя атакі?

АБ: Першымі абурыліся журналісты і прадстаўнікі ЛГБТ. Следам падцягнуліся праваабаронцы. Маўляў, як жа так, ёсць жа сістэма ААН, з яе інстытутамі і механізмамі, нарматыўныя дакументы: Статут ААН, Дэкларацыя, Канвенцыі… Гэтая ўся сістэма з'яўляецца вынікам сучаснай канцэпцыі правоў чалавека.

Але ніхто ўголас не гаворыць, што ў свой час праваабарончым арганізацыям «прапанавалі» падпісаць пагадненне аб тым, што яны прымаюць так званую «ўніверсальнасць правоў чалавека». Іншымі словамі, ты абяцаеш выконваць усе правы, або наракай на сябе — падтрымкі не чакай.

Але дазвольце, як мне — праваслаўнаму чалавеку — прызнаць натуральнасць ЛГБТ, у тым ліку пагадзіцца з іх правам браць шлюб, распаўсюджваць свае погляды пад маркай «нармальнасці і натуральнасці»?!

Па сутнасці, гэта адрачэнне ад сваёй веры, культуры, сістэмы каштоўнасцяў. Я адмовіўся. Наколькі мне вядома ў вузкіх колах нашых праваабаронцаў-доўгажыхароў мой дэмарш выклікаў незадаволенасць і ўстойлівае імкненне выключыць мяне з пула арганізацый, якія прадстаўляюць радзіму на міжнародных франтах.

Наступным крокам сталі сістэматычныя блакавання маіх выказванняў аб ЛГБТ. Але гэта, хутчэй за ўсё, ужо дзейнасць непасрэдна ўдзельнікаў гэтай супольнасці.

«НН»: Чаму для вас важная гэтая тэма?

АБ: Як я казаў вышэй, гэтая тэма мяне ніяк не тычылася і я асабліва не турбаваўся думкамі пра тое, наколькі шкодны распаўсюд інфармацыі аб ЛГБТ пад выглядам натуральнага і прымальнага ладу жыцця. Калі на мяне сталі насядаць прапаведнікі «новага ладу жыцця», я засеў за вывучэнне гісторыі ўзнікнення ЛГБТ і наступстваў, з якімі сутыкаюцца краіны, што ўраўноўвалі гэтых людзей у правах. Першае, што я адчуў — шок.

Фактычна, прапаганда ЛГБТ вядзе да вынішчэння хрысціянства, знішчэння сямейных каштоўнасцяў, усталяванню амаральных прынцыпаў жыцця і поўнага гвалтавання моладзі.

Напрыклад, па дадзеных кампаніі YouGov (брытанскае агенцтва ў 2015 апытала 1600 чалавек, з іх менш за 200 маладзёнаў, вынікі даследавання згадваюцца ў рускамоўнай ВікіпедыіРэд.), ва ўзросце 60 і больш гадоў «абсалютнымі гетэрасексуаламі» сябе лічаць 88% апытаных, ва ўзросце 40-59 гадоў — ужо 78%, ва ўзросце 25 - 39 гадоў — 58%, што ўжо вельмі падазрона. Але самы вялікі шок — гэта ўзроставая катэгорыя 18-24 гады. У ёй сябе як цалкам гетэрасэксуальнымі пазіцыянуюць толькі 46% апытаных! Таксама ў гэтай узроставай катэгорыі 6% лічаць сябе «асабліва гомасэксуальнымі», а 43% адносіць сябе да прамежкавых тыпаў.

Мне ўжо цяпер пішуць шматлікія бацькі, расказваючы, як іх дзеці ў школе «гуляюцца» ў лесбіянак і геяў.

Мая дачка таксама не стала выключэннем з правілаў прапаганды і расказала, што некаторыя яе сяброўкі вырашылі стаць лесбіянкамі. І гэта ў 11 гадоў! Толькі ўдумайцеся ў што ператворыцца наша грамадства праз 5-10 гадоў, калі ўжо сёння не спыніць распаўсюд гэтых скрыўленняў!

Сёння ў незалежных СМІ нідзе не сустрэнеш альтэрнатыўнага меркавання пра тое, што на самой справе ўяўляе сабой ЛГБТ і якую шкоду яны наносяць нашым дзецям. Усюды выключна пазітыўны і натуральны лад, абвяшчэнне талерантнасці і пакоры. І гэта толькі бачная вяршыня айсберга.

Дастаткова паглядзець у што ператвараецца Еўропа, якая прыняла новую моду, дзе ўжо няма таты і мамы, няма нармальных сем'яў, дзе ў «цэрквах» служаць садаміты. У Беларусі акно Овертана толькі адчынілася і ў нашых сілах яго зачыніць назаўжды.

«НН»: Вы сапраўды плануеце стварыць грамадскую арганізацыю? Як яе назавеце? Хто яе падтрымае?

АБ: Пакуль гаворка ідзе толькі пра стварэнне грамадскага руху, які, цалкам магчыма, перарасце ў грамадскую арганізацыю. Гэта не барацьба з выбарам чалавека. Кожны вольны выбіраць свой лад жыцця. Ніхто ні да каго ў ложак не лезе, свой статут не навязвае. Ёсць ЛГБТ, і нават дзяржава не пераследуе ні геяў, ні лесбіянак. Мне спрабуюць прывесці прыклады некаторых выпадкаў, але, спадарства, у параўнанні з праблемамі інвалідаў, несправядлівымі прысудамі па артыкуле 328, сямейным гвалтам, такія выпадкі — статыстычная памылка. Але ЛГБТ сёння займаецца не дапамогай сваім 2-3%, а робіць піяр-кампанію.

***

Андрэй Бандарэнка — палітвязень у мінулым. Ён вылучаўся ў дэпутаты як незалежны кандыдат, а пасля быў прысуджаны па эканамічным артыкуле да 7 гадоў зняволення. Дамогся таго, што яго прызналі невінаватым, а калі выйшаў на волю, стаў займацца дапамогай асуджаным і арыштаваным. Пасля гэтага на Бандарэнку завялі яшчэ адну крымінальную справу, за хуліганства. Па ёй ён не быў прызнаны палітвязнем. На волю паўторна выйшаў у 2017 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?