Коратка згадаем, з чым скончыўся папярэдні чэмпіянат

Фота Рамана Чмяля.

Фота Рамана Чмяля.

Брэсцкае «Дынама» перарвала 13-гадовую гегемонію БАТЭ, «Дняпро» адправілася ў стыкавыя матчы, дзе саступіла «Руху» і неўзабаве ліквідавалася. Аляксей Бага збіраўся пакінуць пасаду галоўнага трэнера БАТЭ, Юрый Вернідуб толькі-толькі пачаў трэніраваць «Шахцёр», а мінскае «Дынама» не ведала, што яму рабіць з Сяргеем Гурэнкам. З'явіліся слухі пра магчымы трансфер Іллі Шкурына з «Энергетыка-БДУ» ў ЦСКА.

Што маем сёння? 

Замест нарошчвання дамінавання брэсцкага «Дынама» ў беларускім футболе пасля чэмпіёнства, у Брэсце заняліся перабудовай, канчатковая мэта якой пакуль застаецца незразумелай.

Спачатку клуб пакінуў галоўны трэнер Марцэл Лічка, яго месца заняў Сяргей Кавальчук, які ўжо двойчы дагэтуль кіраваў «Дынама» ў няпростыя часы, у часы ж хлебныя быў спартыўным дырэктарам. За Лічкай каманду пакінулі яе лідары: Павел Няхайчык вярнуўся ў БАТЭ, Аляксандр Гутар перайшоў у «Шахцёр», а Аляксей Хабленка вярнуўся на радзіму ў «Дняпро-1». Страты закранулі і офіс клуба: з яго сышлі прэс-сакратарка Вольга Хіжынкова і генеральны менеджар Максім Краснабаеў.

Шмат пытанняў выклікае сувязь «Дынама» з «Рухам», што будзе сёлета гуляць у вышэйшай лізе. У сімпатыях да «Руху» і адкрыта прызнаецца бос «бела-сініх» Аляксандр Зайцаў, а абанементамі на матчы «Дынама» займаецца кампанія з дзіўнай назвай «Рух Спорт Менеджмент». Але гэтыя і іншыя доказы не працуюць на Федэрацыю футбола, якая цвёрда кажа, што ў клубаў розныя ўласнікі. 

Але нягледзячы на не самую прыемную тэндэнцыю, чэмпіёны даволі ўпэўнена перамаглі «Шахцёр» у матчы за Суперкубак. Спісваць з рахункаў іх катэгарычна нельга. 

Што датычыцца «Шахцёра», то там таксама ўсё мяняецца. Перад новым трэнерам стаяла важная задача — знайсці замену Бакаю, Кавалёву, Рыбаку і іншым. Вернідуб таксама памяняў малюнак гульні і тактычную схему: цяпер «Шахцёр» гуляе з ромбам у цэнтры поля, а стылеўтвараючым гульцом стаў навічок каманды Юрый Кендыш. Як заўсёды, салігорцы сярод фаварытаў чэмпіянату, але ў гэтым клубе не прынята шукаць дабра ад дабра, таму здарыцца можа ўсё што заўгодна.

З топаў найбольш спакойна міжсезонка, здаецца, прайшла ў БАТЭ. На месца Аляксея Багі, які сышоў у віленскі «Жальгірыс», каманду ўзначаліў Кірыл Альшэўскі, які дагэтуль трэніраваў дубль. Акрамя Няхайчыка, у склад каманды вярнуўся яшчэ і Аляксандр Валадзько, а сур'ёзных страт удалося абмінуць. Клуб паралельна займаўся іміджавымі рэчамі: 17 сакавіка БАТЭ прадставіў свой новы лагатып, распрацаваны расійскай студыяй Quberten. 

Рэбрэндынг закрануў яшчэ адзін клуб вышэйшай лігі. «Смалявічы», што вярнуліся ў вышку, вырашылі змяніць і фірмовы стыль. Мяркуецца, новае лога дапаможа камандзе затрымацца падаўжэй у найвышэйшым дывізіёне і будзе асацыявацца толькі з перамогамі.

Амаль усю зіму востра стаяла пытанне аб новым гаспадары мінскага «Дынама». Мінгарвыканкам не мог кіраваць яшчэ і «Мінскам», бо гэта супярэчыла рэгламенту АБФФ. Але ў выніку пытанне рашылася, але імя новага ўладальніка «бела-сініх» усё яшчэ трымаецца ў сакрэце. 

Сяргей Гурэнка застаўся трэнерам «Дынама» і за міжсезонку здолеў сабраць даволі баяздольны склад, у які ўвайшлі, сярод іншых, гульцы зборнай Рыяс, Бахар, Клімовіч і Шыкаўка. У чвэрцьфінале Кубка Беларусі, праўда, каманда Гурэнкі не здолела прайсці БАТЭ, а сам трэнер застаўся настолькі незадаволены судзействам, што біў нагамі дзверы на «Барысаў-Арэне». Санкцый ад АБФФ пакуль не было.

Сяргей Гурэнка б'е нагой па дзвярах судзейскага пакоя.

Сяргей Гурэнка б'е нагой па дзвярах судзейскага пакоя.

Нічога дзіўнага не было ў трансферы Іллі Шкурына ў маскоўскі ЦСКА, пакуль ён быў на ўзроўні слухаў. Як толькі бакі перайшлі да дзеянняў, пачалося самае цікавае.

Аказалася, што Шкурын пераехаў у Маскву футбалістам не «Энергетыка», а брэсцкага «Дынама».

Фота: ПФК ЦСКА.

Фота: ПФК ЦСКА.

У выніку агентам гульца і берасцейцамі было ўсё выкручана так, нібыта Шкурын належаў «Дынама-Брэст» яшчэ з мінулага лета, а пасля з'яўлення зацікаўленасці з боку ЦСКА было вырашана не чыніць перашкод. «Энергетык» наогул увесь гэты час маўчаў або рабіў выгляд кшталту «вы ж самі ўсё разумееце».

Цяпер, у рэшце рэшт, пераходзім да матча першага тура. Якія, нагадваем, не пераносяцца і пройдуць з удзелам гледачоў.

«Энергетык-БДУ» — БАТЭ

Пра БАТЭ ўсё напісана, таму крыху яшчэ ўвагі да «студэнтаў». Шкурын быў не адзінай істотнай стратай каманды ўзімку. У Брэст адправіўся Усевалад Садоўскі, на рахунку якога 9 галоў у мінулым чэмпіянаце, а расійскі паўабаронца Даніл Полубаярынаў перайшоў у «Ротар».

Нягледзячы на сыход лідараў, мы ўсе выдатна ведаем, як з моладзю працуе Анатоль Юрэвіч. Вельмі хацелася б спадзявацца на тое, што сёлета мы таксама пабачым відовішчную і багатую на мячы гульню «Энергетыка», але пакуль мяркуем, што каманда будзе змагацца за выжыванне.

Прагноз «НН»: буйная перамога БАТЭ.

«Шахцёр» — «Тарпеда-БелАЗ»

Трэцяя за апошнія два тыдні сустрэча салігорцаў з жодзінцамі. Апошнія дзве скончыліся сухімі перамогамі «Шахцёра», нягледзячы на тое што, па словах гульцоў «Тарпеда-БелАЗ», трэнерскі штаб поўнасцю разабраў гульню супернікаў.

Ці спраўдзіцца прыказка «Трэцім разам — лепшым часам» на гэты раз? Мяркуем, што не.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Дынама-Брэст» — «Смалявічы»

Пасля перамогі ў Суперкубку чэмпіёнаў Беларусі чакаў кубкавы чвэрцьфінал з «Іслаччу», лёс якога вырашыўся толькі ў серыі пасляматчавых пенальці. Брэст прайшоў далей, але яўна не такой складанай гульні чакалі заўзятары «Дынама».

На паперы гаспадары — відавочныя фаварыты гульні са «Смалявічамі». Але з такімі камандамі заўсёды складана гуляць: за міжсезонку сур'ёзна змяніўся склад, у навічкоў будзе вялікае жаданне паказаць сябе, тым больш у гульні з чэмпіёнам. Але незгулянасць можа быць на руку якраз берасцейцам.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Дынама-Мінск» — «Рух»

Дэбютанты вышэйшай лігі стартуюць адразу пасля сваіх землякоў. І адразу — вельмі сур'ёзны іспыт у выглядзе матча супраць мінскага «Дынама».

«Рух», у параўнанні з «Белшынай» і «Смалявічамі», найбольш якасна правёў міжсезонку. Каманда двойчы з'ездзіла на зборы ў Турцыю, а таксама сур'ёзна ўзмацнілася, у першую чаргу за кошт гульцоў «Дынама-Брэст». У «Рух» перайшлі Чыдзі Асучукву, Уладзіслаў Васільеў і Віталь Гайдучык, таксама будзе цікава пасачыць за сенегальскім форвардам Абдулае Дыяло, які гуляў раней у Партугаліі.

Чыдзі Асучукву. Фота: ФК «Рух».

Чыдзі Асучукву. Фота: ФК «Рух».

Эксперты лічаць гаспадароў безумоўнымі фаварытамі матча, але проста відавочна не будзе.

Прагноз «НН»: тотал большы за 2.5, абедзве каманды заб'юць.

«Віцебск» — «Гарадзея»

Пасля чацвёртага месца «Віцебска» ў 2018-м надышоў правальны леташні чэмпіянат. Каманда аказалася толькі ў 1 бале ад зоны стыкавых матчаў. Але вырашылі не сячы з пляча: Сяргей Ясінскі мае вялікі крэдыт даверу ў клубе. 

Сам жа трэнер ставіць перад падначаленымі даволі адэкватныя задачы — быць у сярэдзіне табліцы. Вышэй наўрад ці атрымаецца, тым больш каманду пакінулі Кірыл Пячэнін, Мікалай Золатаў і Міхаіл Казлоў, якія пайшлі на павышэнне.

У «Гарадзеі» ж пасля найлепшага сезона ў гісторыі могуць наступіць чорныя часы. У студзені былі затрыманыя ўсе кіраўнікі цукровых камбінатаў, у тым ліку Міхаіл Крыштаповіч і Мікалай Пруднік, з якімі персанальна былі звязаныя дасягненні «Гарадзеі» і «Слуцка» адпаведна.

Цяпер вынікае, што камбінаты ва ўмовах фінансавых праблем адмаўляюцца ад спансіравання футбольных клубаў. Іх кіраўніцтва спрабуе шукаць падтрымку ў Мінспорце, АБФФ і канцэрне «Белдзяржхарчпрам», але ёсць імавернасць таго, што самабытныя каманды могуць знікнуць.

Прагноз «НН»: «Віцебск» не прайграе.

«Іслач» — «Нёман»

Клуб з Мінскага раёна мужна змагаўся ў кубку супраць брэсцкага «Дынама», але саступіў і цяпер рыхтуецца да старту чэмпіянату. АБФФ спачатку не дала «ваўкам» ліцэнзію, але ўсе праблемы вырашыліся і вышэйшая ліга стартуе ў поўным складзе.

«Іслачы», вядома, будзе складана палепшыць леташні пяты радок, але чаму б і не, тым больш склад у каманды ўзмацніўся за кошт Паўла Рыбака, Мікалая Януша і Ігара Кузьмянка.

Мікалай Януш у складзе «Іслачы». Фота Анатоля Рэдзіна.

Мікалай Януш у складзе «Іслачы». Фота Анатоля Рэдзіна.

«Нёман» жа пацярпеў некалькі адчувальных страт. У першую чаргу гэта тычыцца Гульжыгіта Алыкулава: кыргызскі Месі перайшоў у казахстанскі «Кайрат», а Алег Еўдакімаў вярнуўся ў «Мінск». Гарадзенцаў чакае няпросты сезон.

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2.5.

«Слуцк» — «Славія»

Нягледзячы на ўсе праблемы «цукровых», случчакі ў міжсезонне падпісалі ажно шэсць замежных гульцоў. Для параўнання, беларускіх навічкоў было толькі двое. Адзін з іх, Юрый Казлоў, у выходныя трапіў у шпіталь з сімптомамі каранавіруса. На шчасце, дыягназ не быў пацверджаны, але праз гэта быў адменены спарынг каманды супраць петрыкаўскага «Шахцёра».

«Славія» правяла спакойную міжсезонку. Дзякуючы развалу «Дняпро» мазырчукі аўтаматычна трапілі ў паўфінал Кубка Беларусі, дзе сустрэнуцца з БАТЭ. 

Прагноз «НН»: тотал меншы за 2.5.

«Белшына» — «Мінск»

З «Белшыны» зімой сышоў галоўны бамбардзір мінулага сезона Аляксандр Юшын. Расіянін, які летась забіў 26 мячоў, перайшоў у «Нафтахімік» з другога расійскага дывізіёна. Замест яго бабруйчане падпісалі легендарнага Леаніда Ковеля, але чакаць ад ветэрана такіх галявых поспехаў, відавочна, не варта.

«Мінск» застаўся без маладых зорак: Іван Бахар і Яўген Шаўчэнка перайшлі ў мінскае і брэсцкае «Дынама» адпаведна. Але клуб, які базуецца на моцных футбольных школах, мусіць знайсці замену са сваіх рэзерваў. 

Абедзве каманды будуць хутчэй змагацца за выжыванне, чым стануць сенсацыяй. Перспектывы праясняцца з пачаткам сезона.

Прагноз «НН»: нічыя.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку і футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?