У Гомелі дыягнаставалі каранавірус у трэнера з дзіцячай спартовай школы № 4. Як стала вядома Радыё Свабода ад крыніцы, блізкай да гэтай установы, трэнер па акрабатыцы 1972 году нараджэння не быў за мяжой.
Цяпер ён у інфекцыйным шпіталі. «Кантактных асобаў» — іншых трэнэраў школы па гімнастыцы і акрабатыцы, якія займаліся ў той жа зале, завезлі ў бальніцу на вуліцы Цыялкоўскага. Там было аддзяленне анкалагічнага дыспансера, якое цяпер перапрафілявалі пад інфекцыйнае.
Цяпер дзіцячая спартовая школа на каранціне.
11 сакавіка ў Гомелі быў зафіксаваны першы выпадак COVID-19 — у 20-гадовага акрабата з гэтай жа спартовай школы, які вярнуўся са спаборніцтваў у Партугаліі. 20-гадовага спартоўца Аляксея З. ужо выпісалі з інфекцыйнага шпіталя, як і ягоных «кантактных асобаў», у якіх не знайшлі каранавіруса. Пасля першага выпадку каранавіруса СДЮШАР № 4 на каранцін не закрывалі.
Атрымаць аператыўны каментар у Гомельскім аблвыканкаме Свабодзе не ўдалося.