Лукашэнка сёння даў інтэрв'ю тэлекампаніі «Мір», размова таксама пайшла і пра каранавірус, паведамляе «Звязда».
У Мінску сітуацыя з распаўсюджваннем пачалася з іранскага студэнта, які жыў у сям’і сваёй нявесты. Бацька дзяўчыны — кіроўца «вялікага начальніка», сказаў Лукашэнка. Той, у сваю чаргу, прысутнічаў на вышэйшых нарадах ва ўрадзе, прадстаўнікі якога сустракаліся з прэзідэнтам.
«Прайшоў амаль месяц, і я яшчэ пакуль жывы. І не правяраўся на каранавірус. Я сачу за станам свайго здароўя», — адзначыў лідар дзяржавы, падкрэсліўшы, што ў сітуацыі, «калі праходзім пік, фізічную нагрузку крыху паслабіў». Але хакейныя трэніроўкі (фінал аматарскага чэмпіянату краіны ў суботу) усё ж такі прэзідэнт пакінуў у сваім графіку.
Ён пракаментаваў і заявы некаторых сусветных лідараў, што Беларусь, «не як усе», рэагуе на праблему.
«Слухайце, калі б ва ўсіх было так, як у Беларусі, па барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі і, як у нас, не забываліся, што ёсць і сардэчнікі, і анкалогія, ёсць траўматалогія, ёсць проста пнеўманія — гэта сезонная хвароба вельмі моцная, — тады б не было такіх праблем, — сказаў ён. — Мы не можам не трымаць яго [каранавірус] у памяці. Таму што скрыню ўключыў — каранавірус, прас уключыў — каранавірус, чайнік уключыў — каранавірус».
Яму дакладваюць па кожным выпадку смерці ад пнеўманіі. «Іх чацвёра ўсяго, памерлых ад пнеўманіі, калі ўскладненні даў каранавірус, — праінфармаваў ён. — Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні, і навошта «гвалтам» крычаць? Што атрымалася, быццам мы нешта хаваем. Смерць чалавека ніколі не схаваеш, таму што кожны родны атрымоўвае даведку ў ЗАГСе».
Па чацвёртым зараз яшчэ ўдакладняюць, ці быў у яго каранавірус. Даныя з ЗАГСаў па смяротнасці Лукашэнка абяцае паказаць журналістам.