Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, які наведаў сёння Брэсцкую абласную дзіцячую бальніцу, адзначыў, што эпідэміялагічная сітуацыя ў галіне кантраляваная, рэзкіх усплёскаў няма, паведамляе sb.by.
— Сёння 222 чалавекі пад наглядам у стацыянарах, галоўным чынам у інфекцыйным аддзяленні Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, каранавірус пацверджаны ў 41 чалавека з іх, больш за ўсё ў Лунінецкім раёне — 26, у Брэсце — 6. Больш за 5 тысяч абследаваны.
Раніцай Мінздароўя паведамляла, што ў Брэсцкай вобласці шпіталізаваныя 17 чалавек, а ўсяго ў Беларусі за ўвесь час каранавірус дыягнаставаны ў 1486 чалавек.
Разыходжанне адзначалася і ўчора, калі Мінздароўя гаварыла пра 3 «кароны» на Берасцейшчыне, а абласная санстанцыя давала лічбу 28. Статыстыка Мінздароўя не дасягнула яе і сёння. Магчыма, Мінск улічвае лічбы з рэгіёнаў са значным спазненнем.





