Мурал у Манагуа. Фідэль Кастра і Даніэль Артэга. AP Photo/ Salon.com.

Даніэль Артэга прыйшоў да ўлады з дапамогай кубінскай (а насамрэч савецкай) зброі ў выніку Сандзінісцкай рэвалюцыі ў 1979 годзе. На першых свабодных выбарах у 1990 годзе ён прайграў кааліцыі апазіцыйных сіл на чале з былой паплечніцай па рэвалюцыі. У прэзідэнцкае крэсла ён здолеў вярнуцца ў 2007-м, калі яго ліберальныя і кансерватыўныя праціўнікі не здолелі вызначыць адзінага кандыдата. А вярнуўшыся ў прэзідэнцкі палац, Артэга пасля таго выйграе выбары за выбарамі. 

Змаганне з «нашым сукіным сынам»

Даніэль Артэга Саавэдра нарадзіўся 11 лістапада 1945 года ў невялічкім горадзе Ла-Лібертад, у пяць гадоў разам з сям’ёй пераехаў у сталіцу Нікарагуа, у Манагуа. Там Артэгі жылі ў квартале, названым у гонар прэзідэнта Анастасіа Самосы, побач са стадыёнам імя Самосы і паркам імя Самосы, дзе стаяла статуя Самосы. Дынастыя Самосаў кіравала краінай пры падтрымцы ЗША.

«Самоса — сукін сын, але гэта наш сукін сын». Гэтае выказванне прыпісваюць прэзідэнту ЗША Рузвельту, і датычыла яно бацькі таго Самосы, супраць якога змагаўся Артэга.

Бацькі Артэгі, нягледзячы на беднасць, змаглі аплаціць навучанне сына ў прыватнай школе, а пасля ён паступіў ва ўніверсітэт. Там у першай палове 60-х ён усур’ёз захапіўся левымі ідэямі. Юнака злавала, што бедным нікарагуанцам не хапала грошай нават на ежу, у той час як эліта адпачывала ў Маямі і вучыла дзяцей у Каліфорніі. У Сандзінісцкім фронце нацыянальнага вызвалення (СФНВ) Артэга атрымаў мянушку Энрыке.

У гэтыя гады Даніэль неаднойчы трапляў за краты — упершыню гэта здарылася яшчэ ў 14-гадовым узросце, — але дыплом ён усё-такі атрымаў. 

Муралы часоў Сандзінісцкай рэвалюцыі — цікавыя помнікі мастацтва. На фота: фрагмент мурала ў Эстэлі. Enicok/Flickr

У 1967-м Артэга ўпершыню забіў чалавека — гвардзейца, які мучыў яго падчас папярэдняга арышту. Гэта быў час, калі ў славе былі Фідэль і Чэ Гевара, час веры ў немінучасць рэвалюцыі. Як і яго камуністычныя куміры, Даніэль удзельнічаў у рабаванні банкаў, каб здабыць грошай на рэвалюцыю, і агітаваў, агітаваў, меў дар прамоўцы. 

У канцы 1967-га Даніэль Артэга трапіў у турму надоўга. Тым часам ягоная мама на волі арганізавала кампанію, дзякуючы якой рэжым быў вымушаны палепшыць умовы ўтрымання палітвязняў.

У абмен на закладнікаў

Артэга мог застацца ў турме навечна, але ў 1972-м у Нікарагуа здарыўся страшэнны землятрус. Каля 10 тысяч чалавек загінула, а сталіца была цалкам зруйнаваная. Людзей абурала раскраданне міжнароднай дапамогі ахвярам, марадзёрства нацгвардзейцаў. Людзі масава пайшлі ў Сандзінісцкі фронт, вырасла яго баяздольнасць. У дзёрзкім рэйдзе пры канцы 1974-га рэвалюцыянеры захапілі сотні прадстаўнікоў эліты краіны — парламентарыяў, чыноўнікаў, бізнэсоўцаў — і дамагліся вызвалення палітвязняў, сярод якіх быў і Артэга.

Самоса ўвёў надзвычайнае становішча. У Вашынгтоне тады кіраваў Джымі Картэр, паслядоўны абаронца правоў чалавека. Ён штурхаў і праамерыканскіх дыктатараў да лібералізацыі. Гэта ЗША змусілі Самосу адмяніць надзвычайнае становішча і адкруціць гайкі. 

Мурал у музеі легендаў і традыцый у Леоне, Нікарагуа. Графіці апісвае метады катаванняў нацыянальнай гвардыі. Shutterstock.com, by Matyas Rehak.

Партызаны-сандзіністы цяснілі нацыянальную гвардыю ў правінцыях. А калі ў пачатку 1978-га забілі рэдактара папулярнай апазіцыйнай газеты Педра Чамора, забастоўкі ўспыхнулі і ў сталіцы. З Кубы сандзіністам патокам ішла савецкая зброя, тады як Картэр змусіў Ізраіль развярнуць карабель з патрэбнымі боепрыпасамі для Самосы (Самоса-старэйшы ў свой час дапамог зброяй Ізраілю ў часе барацьбы таго за незалежнасць, і дзве краіны з таго часу мелі асаблівыя адносіны). Сандзіністы ўвайшлі ў Манагуа, нацыянальная гвардыя капітулявала. У ліпені 1979-га Самоса збег за мяжу, а ўлада ў краіне перайшла ў рукі рэвалюцыйнай хунты. ЗША хуценька змянілі вектар і выдзелілі 70-мільённы крэдыт новаму ўраду.

Прэмія імя Надзежды Крупскай

Пасля перамогі рэвалюцыянерам дасталася разбураная краіна. У дзяржаўнай скарбніцы заставалася ўсяго 3,5 мільёна долараў, а дзяржаўны доўг складаў 3,5 мільярда. Пасля кароткага флірту з новай уладай амерыканцы зразумелі, што новы ўрад не збіраецца разрываць адносіны з СССР і Кубай. Больш за тое, Артэга пачаў «экспарт рэвалюцыі» ў суседні Сальвадор. Ды яшчэ мяккага Картэра змяніў Рэйган са сваім «крыжовым паходам супраць камунізму». Так Вашынгтон пачаў падтрымліваць «контрас» — партызанаў, якія базаваліся ў суседнім Гандурасе. 

Артэга тым часам развітаўся з ліберальнымі і каталіцкімі саюзнікамі і пачаў сацыялістычныя пераўтварэнні. У гэты час выявілася цікавая рыса ягонага характару, якая забяспечыла яму палітычнае доўгажыхарства. Калі было патрэбна, ён лёгка адкідаў убок старыя лозунгі. Ён таксама не стаў дагматычна паўтараць у Нікарагуа эканамічныя прыёмы з савецкага рэпертуару.

Маштабную нацыяналізацыю бізнэсу не праводзілі: 70% прадпрыемстваў засталіся ў прыватнай уласнасці, разабралі толькі бізнэс-імперыю Самосы. Землі Самосы раздалі сялянам. Кааператываў амаль не стваралі, урад рабіў стаўку на дробныя сямейныя фермы. 

Нікарагуа - бедная краіна са стракатай культурай. Shutterstock.com, by Paolo Arsie Pelanda.

Гонарам урада Артэгі стала школьная рэформа. За першыя гады яго кіравання колькасць школ падвоілася, 400 тысяч грамадзян навучыліся чытаць і пісаць, за што Нікарагуа атрымала ад ЮНЕСКА прэмію імя Надзежды Крупскай за найлепшую праграму ліквідацыі непісьменнасці. Паспяхова вялася барацьба з малярыяй, таму ў 1984-м Артэга і СФНВ упэўнена перамаглі на выбарах прэзідэнта і парламента, хоць да дэмакратычнасці тых выбараў былі вялікія пытанні. 

ЗША выбараў не прызналі, увялі санкцыі. Артэга ў гэты час праявіў сваю другую рысу — выключную ўпартасць. Барацьба супраць контрас вялася доўга, партызаны так і не здолелі прарвацца да сталіцы. 

«Усё будзе лепш!»

У Артэгі не хапала грошай і весці сацыяльныя праграмы, і ваяваць з герыльяй. Гіперінфляцыя ў 1988 годзе дасягнула трыццаці тысяч працэнтаў. Беларусы нават у 90-я такога не бачылі. Але калі ў 1989-м падтрымку Нікарагуа спыніў СССР, а Куба сама перайшла на асадны рэжым, Артэга паказаў, што здольны рабіць крокі, якіх ніхто ад яго не чакае. Ён пайшоў на перамовы з ворагамі і выпусціў з турмаў дзясяткі контрас, у тым ліку забойцу свайго брата. 

Больш за тое, ён правёў у краіне свабодныя выбары, якія выйграла ўдава таго самага рэдактара Чамора, забойства якога справакавала рэвалюцыя. Віялета Барыяс дэ Чамора па першым часе ўваходзіла ў рэвалюцыйную хунту, што кіравала краінай пасля Самосы, але пасля зразумела, што ёй з сандзіністамі не па дарозе, і выйшла з яе. На выбарах 1990 года яе падтрымалі амерыканцы, яны ж дапамаглі згуртаваць за Чамора 14-партыйную кааліцыю, у якую ўвайшлі апазіцыйныя групоўкі — ад ультракаталіцкай да камуністычнай. Слогану Артэгі «Усё будзе лепш!» паверыў толькі 41% грамадзян. Большасць была стомленая ад вайны і сацыялістычнага энтузіязму.

Віялета Барыяс дэ Чамора стала першай жанчынай, абранай на пасаду прэзідэнта, у абедзвюх Амерыках. Першай увогуле (не толькі ў Амерыцы, але і ва ўсім свеце) была Ісабэль Марцінэс дэ Перон у Аргенціне ў 1974—1976 гадах, але яна нікім не абіралася, а атрымала пасаду ў спадчыну ад свайго мужа, шматгадовага дыктатара Хуана Перона. Wikimedia Commons.

Чысцец. У апазіцыі

Былы прэзідэнт застаўся жывы і на свабодзе — так шанцуе не ўсім дыктатарам. Пекла не было, быў чысцец. Сярод сандзіністаў пачаўся раскол. Артэга прайграе яшчэ адны прэзідэнцкія выбары. У 1996-м прэзідэнтам стаў ліберал Арнольда Алеман — зацяты вораг сандзіністаў, якія канфіскавалі ў яго маёмасць і пратрымалі 7 месяцаў у турме. Але помсціць Артэгу Алеман не адважыўся, бо падтрымка апошняга заставалася ўсё ж высокай: 38% галасоў на выбарах. І Алеман вырашыў падпісаць пагадненне з праціўнікам (па-іспанску El Pacto). Артэга атрымаў недатыкальнасць, а наўзамен паабяцаў падтрымку пры прыняцці некаторых законаў.

Алеман, дарэчы, акажацца нячыстым на руку. Transparency International уключыць яго ў топ-10 самых карумпаваных палітыкаў сучаснасці. А ў 2003-м нікарагуанскі суд пасадзіць яго на 20 гадоў за карупцыю.

Набліжаліся прэзідэнцкія выбары 2001 года. Здавалася, Артэга гэтым разам дакладна пераможа, але зноў перашкодзіла нечаканасць. Палітыка абвінавацілі ў згвалтаванні прыёмнай дачкі, і ад яго адвярнуліся многія жанчыны. На выбарах ён набраў 46% галасоў, а перамог ліберал і былы віцэ-прэзідэнт Энрыке Баланьёс. 

Верны сябар абхазскага народа

Каб вярнуцца да ўлады, Артэга вымушаны заключыць яшчэ некалькі пактаў. 

Першы — з жонкай, якой надакучылі амурныя прыгоды мужа. 

Другі — з Каталіцкай царквой. Былы рэвалюцыянер абвянчаўся з жонкай у прысутнасці кардынала Абанда-і-Брава і паабяцаў забараніць аборты. 

Так яны выглядалі 33 гады таму. Даніэль Артэга выступае ў ЗША ў 1986 годзе, а жонка яму перакладае. Shutterstock.com, by mark Reinstein.

У 2007-м Артэга набраў усяго 38% галасоў. Аднак гэтага хапіла, каб вярнуцца ў прэзідэнцкае крэсла, бо лібералы не здолелі выбраць адзінага кандыдата і пайшлі на выбары рознымі калонамі.

Калі Артэга вярнуўся да ўлады, Амерыка ўжо не была такой, як у часы падтрымкі «контрас». У гэты перыяд шмат у якіх краінах Лацінскай Амерыкі прыходзілі да ўлады палітыкі, не надта прыхільныя да ЗША. Артэга быў у трэндзе, а не нейкім выключэннем, таму і не быў асаблівым бяльмом на воку. 

Як прэзідэнт 2.0, Артэга ў чымсьці застаўся верны сабе. Ён нават не стаў пераязджаць у прэзідэнцкі палац, застаўся жыць у сваім доме. Але ягоны рэжым гэтым разам стаў больш жорсткі: у 1980-я апазіцыя пры Артэгу пераследавалася не так сурова. Цяпер частку апазіцыйных СМІ закрылі, а карупцыянераў сталі караць пад тэлекамеры. 

У замежнай палітыцы Артэга пераарыентаваўся на Венесуэлу, ад якой атрымліваў шчодрую дапамогу ў выглядзе нафты.

Новы Артэга вярнуўся на антыамерыканскія пазіцыі і запатрабаваў ад Еўропы кампенсацыі «за стагоддзі акупацыі Нікарагуа».

Яго крэдыторам стала Расія, а ён узамен — першым на свеце пасля Расіі — прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асецію. Дапамагалі Нікарагуа і іранцы. 

На «заробленыя» замежнай палітыкай грошы прэзідэнт зрабіў бясплатнай школьную адукацыю. Бедныя жыхары зноў атрымалі субсідыі на прадукты і доступ да дактароў, таму смяротнасць пры родах з 2007-га па 2019-ы зменшылася на 60%, а дзіцячая — на 52%.

Некаторыя новыя ідэі Артэгі былі небанальныя. Так, ён прапанаваў Кітаю і Расіі збудаваць новы, Нікарагуанскі, канал паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі. Праект коштам 40 мільярдаў долараў патэнцыйна мог стаць канкурэнтам Панамскаму.

У выніку большасць насельніцтва не пярэчыла чарговай змене заканадаўства, якая дазволіла Артэгу ісці на выбары некалькі разоў запар. У 2011-м ён упэўнена перамог з вынікам у 62%. А на выбарах 2016-га прэзідэнт набраў рэкордныя 72% галасоў — нягледзячы на рост бюджэтнага дэфіцыту. Праўда, апазіцыя біла ў звон пра шматлікія парушэнні.

Даніэль Артэга з жонкай, якую ён зрабіў віцэ-прэзідэнтам. France24.com

Страляюць, як пры Самосе

Вось толькі кітайскі мільярдэр, які браўся інвеставаць у канал, збяднеў, калі кітайскі фінансавы рынак у 2016-м абваліўся, і праект канала адклалі на святыя ніколі. А братняя сацыялістычная Венесуэла пагрузілася ў перманентны крызіс і больш не мела з чаго фінансаваць краіны «баліварыянскага саюза» — створанага ў 2004 годзе па ініцыятыве Уга Чавеса і Фідэля Кастра аб'яднання каля дзясятка дзяржаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна з сацыялістычнымі рэжымамі. Дэфіцыт бюджэту Нікарагуа вырас да такой ступені, што вясной 2018-га было аб’яўлена пра павышэнне падаткаў і скарачэнне сацыяльных праграм. Студэнты пачалі мітынгаваць, і Артэга стаў дзейнічаць як Самоса — загадаў па бунтаўніках страляць. 325 чалавек загінула, тысячы былі параненыя і арыштаваныя. 

Усё пайшло па коле: у снежні 2018-га прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб санкцыях супраць урада Нікарагуа, да якіх далучыліся іншыя краіны. Артэга трымаецца, як у 80-я, і абвінавачвае неаліберальныя колы.

За гады свайго кіравання Даніэль Артэга сур’ёзна змяніўся: ён прайшоў шлях ад левага рэвалюцыянера да канфарміста, гатовага супрацоўнічаць з ворагамі дзеля ўтрымання ўлады. Нязменным застаецца толькі фенаменальнае ўменне выкручвацца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера