Дэлегацыя Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ацаніла эпідэміялагічную сітуацыю ў Віцебскай вобласці, паведамляюць «Віцебскія весткі».
У складзе дэлегацыі тры эксперты — два супрацоўнікі Еўрапейскага бюро СААЗ у Капенгагене і супрацоўнік штаб-кватэры СААЗ у Жэневе.
Кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў распавёў пра сітуацыю, якая склалася з распаўсюджваннем COVID-19 на Віцебшчыне. Першыя хворыя былі выяўлены ў лютым, калі група спецыялістаў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці прыехала з Італіі, дзе знаходзілася на выставе.
Нагадаем, міністэрства аховы здароўя паведаміла аб падазрэнні на першы выпадак COVID-19 у Віцебску 1 сакавіка.
Кіраўнік рэгіёну таксама адзначыў, што кожная краіна выбірае для сябе аптымальны варыянт барацьбы з пандэміяй.
Важна, як адзначылі прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, быць гатовым да доўгай барацьбы з эпідэміяй, якая можа расцягнуцца на 12-18 месяцаў. Таксама важна адцягнуць пік заражэння, каб сістэма аховы здароўя была гатова з ім справіцца.
У сустрэчы з дэлегацыяй СААЗ у Віцебску ўдзельнічаў, сярод іншых, старшыня камітэта Дзяржкантролю Леанід Анфімаў.





