«Паглядзела частку прэс-канферэнцыi Мiнздароўя Беларусi (усю вытрымаць няма ў мяне здароўя, пачало трасцi нават пасля кавалачка), — піша беларуска Алеся Федаровіч, якая ў гэты момант жыве і працуе ў Ірландыі. — Я амаль штовечар гляджу прэс-канферэнцыi iрландскiх чыноўнiкаў са сферы медыцыны.

Iм нi разу не прыйшло ў галаву сказаць «начнём с цифр, ведь именно они в первую очередь представляют интерес». Яны чамусьцi заўсёды пачынаюць са словаў спачування сваякам памерлых.

Самым частым словазлучэннем у iх НЕ з'яўляецца «нормативные документы». Яны даслухваюць да канца пытаннi рэпарцёраў i больш-менш канкрэтна i лаканiчна адказваюць нават на самыя «нязручныя», а не пускаюцца ў нейкiя няўцямныя, доўгiя i недарэчныя разважаннi, у якiя прыплятаюць усё, што прыходзiць у галаву ў гэтую хвiлiну.

Я нават люблю глядзець iрландскія прэс-кaнферэнцыi, бо яны здорава мяне заспакойваюць, асаблiва калi удзельнiчае галоўны доктар краіны Tony Holohan, пасля яго выступаў няма сумневаў, што ўсё наладзiцца, мы здужаем. Спакойны, iнтэлiгентны, паслядоўны, ён заваяваў не толькi маё сэрца. Тыдзень таму, калi ён захварэў, дзесяткi тысяч слалi яму пажаданнi найхутчэйшага акрыяння», — піша Алеся Федаровіч.

«У цэнтры ірландскай сістэмы — чалавек, — дадае яна. — Тут кожны проста робіць сваю працу: лекары лечаць, людзі (у большасці) прытрымліваюцца рэкамендацый Мінздароўя, а Мінздароўя не толькі каардынуе сітуацыю, але і робіць усё дзеля таго, каб не распаўсюджвалася паніка: своечасова інфармуе ў ветлівай, цярплівай манеры», — падсумоўвае яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0