Мінулай ноччу ў рэанімацыі Пінскай раённай бальніцы памёр журналіст сайта «Медиа-Полесье», сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Васіль Мацкевіч.
Пра гэта БАЖ паведамілі родныя журналіста.
Таксама рэдактару выдання Святлане Гарда патэлефанавалі з Пінскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і пацікавіліся арганізацыяй працы медыя ў апошні час. І хоць журналісты працавалі аддалена, сказалі, што ўсё роўна будуць праводзіць дэзынфекцыю пінскага офіса, — паведамляе «Медиа-Полесье».
Пра тое, што дрэнна сябе адчувае, журналіст паведаміў яшчэ 9 красавіка.
Былая жонка Ірына распавяла пра падзеі гэтай ночы.
— Васіль патэлефанаваў мне ў 4.33 і сказаў, што яго забірае хуткая дапамога. Ён вельмі цяжка дыхаў, не мог гаварыць. І папрасіў: «Беражы Адама» (сына).
Па словах Ірыны, тэст Васілю зрабілі 7 ці 8 красавіка.
Ірына стала шукаць пад раніцу, куды паклалі Васіля. Патэлефанавала ў Малоткавіцкую і Брэсцкую абласную інфекцыйную бальніцы. Нідзе яго не было. Высветліла праз хуткую, што ён у Пінскай цэнтральнай бальніцы. «Чаму? У яго ж каранавірус». Ёй адказалі, што яна прыдумляе, у яго пнеўманія. «І яшчэ накрычалі на мяне: навошта вы распаўсюджваеце няправільную інфармацыю?».
Пра тое, што Васіль памёр у рэанімацыі, Ірыне паведаміла сястра мужа, Яўгенія.
Рэдактару сайта Святлане Гарда пацвердзілі факт смерці ў рэанімацыі. На пытанне аб прычынах смерці адказалі, што гэта ўрачэбная таямніца.
Сын Васіля, 18-гадовы Адам, які кантактаваў з бацькам 3 дні таму, змешчаны ў інфекцыйную бальніцу ў Малатковічах. Тут, па словах маці, яго накіравалі ў асобную палату.
Васілю Мацкевічу было 46 гадоў.
Выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім калегі.





