Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан
Пра выпадак заражэньня каранавірусам у Шумілінскім раёне стала вядома 3 красавіка, піша «Радыё Свабода».
Сын захварэлага Юрыя Магера Андрэй паведаміў «Свабодзе», што яго бацька памёр 10 красавіка. Пахаваньне адбылося 11 красавіка, хавалі Юрыя ў закрытай труне.
«Як бацька мог заразіцца, я ня ведаю, — расказвае сын памерлага. — Ён меў хворыя ныркі. І яго зь мясцовага шпіталя вазілі ў Віцебск на дыяліз, на мэдыцынскім аўтамабілі. Разам зь ім вазілі аналізы (хворых на каранавірус. — РС) у Віцебск. Бацька асабліва нікуды не выходзіў з дому, ён меў інваліднасьць».
Андрэй расказвае, што з бацькам бачыўся апошні раз 14 сакавіка. Яшчэ ў канцы сакавіка Юры Магер адчуваў сябе нармальна.
«Бацька нечым на дачы займаўся, працаваў, а ўвечары высокая тэмпэратура, і яго адразу забралі, зрабілі аналіз, — працягвае Андрэй. — Аналіз у маці таксама станоўчы, яна цяпер у шпіталі ў Шуміліне. Яе адразу ў Обаль вазілі, потым у Гарадок. У выніку назад у Шуміліна вярнулі. Мяне тады не было тут, я зьяжджаў у Расею. Калі бацька быў у шпіталі, мы размаўлялі па вайбэры. Ён такі чалавек, які заўсёды гаворыць, што ўсё нармальна, што ўсё добра».
Юрыю Магеру было 60 гадоў. Намесьніца старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава, якая ўваходзіць у мясцовы штаб барацьбы з распаўсюдам эпідэміі, камэнтаваць першы выпадак сьмерці ў Шумілінскім раёне адмовілася.





