У Беларусі шпіталізацыю людзей з лёгкай формай COVID-19 могуць замяніць самаізаляцыяй. Пра гэта сёння ў эфіры тэлеканала СТВ паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.
Адказваючы на пытанне, ці можа кантакт першага ўзроўню застацца дома, калі ў яго выяўлены каранавірус, Алена Богдан сказала, што такія варыянты прапрацоўваюцца.
«Думаю, што ў найбліжэйшы час мы зробім нарматыўны дакумент Міністэрства аховы здароўя, які дазволіць грамадзянам з бессімптомным цячэннем ці з лёгкай формай каранавіруснай інфекцыі знаходзіцца дома пры ўмове магчымасці поўнай самаізаляцыі», — сказала яна.
Варта адзначыць, што пацыентаў з лёгкім COVID-19 не шпіталізуюць у Італіі, Францыі, Брытаніі, Іспаніі ды іншых еўрапейскіх краінах, дзе колькасць інфіцыраваных высокая. Аднак такі падыход працуе толькі там, дзе свядомасць і адказнасць людзей высокія.





