Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Мы сабралі для вас інфармацыю пра тое, у якіх месцах сітуацыя самая напружаная, дзе людзям трэба асабліва перасцерагацца і дбаць пра здароўе сваіх блізкіх, асабліва старэйшых людзей.

Спіс складзены як на аснове адкрытай інфармацыі, што была апублікаваная асобнымі санстанцыямі і ўстановамі аховы здароўя, так і на аснове інфармацыі, якую журналісты атрымліваюць ад дактароў і чыноўнікаў з месцаў.

«Докшыцкая пляма»

Як паведаміла 7 красавіка галоўная доктарка раённай паліклінікі, у малюпасенькім раёне было зафіксавана 85 пнеўманій. Гэтая сціплая і асцярожная заява, апублікаваная ў раённай газеце, дазволіла зразумець маштаб праблемы.

На сёння гэтая лічба ўжо нашмат большая, бо людзі працягвалі паступаць у шпіталі. 11 красавіка чытачы назвалі «Нашай Ніве» імёны прынамсі 7 чалавек, якія памерлі ад пнеўманіі ў раёне. На сёння і гэтая лічба, верагодна, вырасла.

Пацыентамі запоўненыя бальніцы ў Докшыцах і Бягомлі.

Пачалася «Докшыцкая пляма», магчыма, з верніцы адной з канфесій, што вярнулася з бальніцы з Віцебска ў сярэдзіне сакавіка, але даўно выйшла за межы адной канфесіі ці групы. 

Чытайце таксама:

Докшыцкая пляма. За некалькі дзён у маленькім гарадку ад пнеўманіі памерлі, як мінімум, трое

У Докшыцах памерлі яшчэ двое, якія былі на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усяго нам вядомыя ўжо сем памерлых

Докшыцы: адна сястра з каранавірусам, другая «з пнеўманіяй», муж памёр у шпіталі таксама ад «пнеўманіі»

«Віцебская пляма»

Па словах міністра аховы здароўя Беларусі, па стане на 11 красавіка ў горадзе было шпіталізавана каля 1000 пацыентаў з дыягназам «пнеўманія».

Акрамя таго, многія з лёгкімі формамі захворванняў лечацца дома.

13 красавіка Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што на Віцебшчыне «3-4 дні таму дадавалася пнеўманій — 280 нават было за суткі». Гэта ў разы перавышае звычайны для гэтага сезона паказчык.

Пацыентаў з каранавірусам і пнеўманіямі размяшчаюць у Абласной клінічнай бальніцы (толькі там на сёння ляжыць каля 400 чалавек з пнеўманіямі), Абласным клінічным дыягнастычным цэнтры (былым Чыгуначным шпіталі), Тубдыспансеры, Скурвендыспансеры. Па сведчанні Святланы Дашкевіч, жонкі памерлага Віктара Дашкевіча, яны былі перапоўненыя ўжо ў сярэдзіне сакавіка. Пад прыём з пнеўманіямі перапрафілявалі таксама адзін з анкакарпусоў.

Лічыцца, што «Віцебская пляма» пачалася са спецыялістаў абутковых фабрык (Віцебск — цэнтр абутковай прамысловасці Беларусі), якія ў лютым ляталі на міжнародную выстаўку ў Мілан (Ламбардыя, Італія), дзе акурат тады разгараўся агмень пандэміі — інфекцыя туды трапіла з Кітая. Праз адсутнасць каранціну і належных тлумачальных мер вірус хутка распаўсюдзіўся рознымі ланцужкамі.

Вядома пра смерць заслужанага артыста Беларусі Віктара Дашкевіча, 58-гадовага адстаўнога пракурорскага работніка, 70-гадовага адстаўнога марака, 73-гадовай Аляксандры Чэпік, 58-гадовай Таццяны Хузеевай.

Чытайце таксама:

Смерць ад каранавіруса: заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч

Жонка віцебскага артыста, які ў рэанімацыі з каранавірусам: Мы былі ў трох бальніцах, яны перапоўненыя

Лукашэнка пра памерлага артыста Дашкевіча: Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы і тым больш працуеш?

Шарснёў на сустрэчы з СААЗ: Першых хворых на COVID-19 у Віцебску выявілі ў лютым

Бешанковіцкі, Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці, Полацк і Наваполацк, Орша, Ушачы звязаныя з «Віцебскай плямай». У Бешанковічах памерла работніца санстанцыі, якая праводзіла дэзынфекцыю на базе адпачынку віцебскіх абуткавікоў. У Шуміліне — 60-гадовы мужчына.

Чытайце таксама: Ліст з Бешанковіч пад Віцебскам: «У нас тут сітуацыя, як у 1941-м. Медыкі, нізкі Вам паклон!»

З Віцебска цягнуцца нітачкі ў іншыя гарады Беларусі. Так, паведамлялася, што ў Брэсце захварэла студэнтка, што вярнулася з Віцебска, і чыгуначнік, які кантактаваў з віцебскімі.

Многія прадпрыемствы і ўстановы Віцебска, як і Мінска, перавялі сваіх супрацоўнікаў на аддалены рэжым працы. Іншыя, у тым ліку дзяржаўнай формы ўласнасці, адправілі сваіх не крытычна патрэбных супрацоўнікаў у адпачынкі — ці аплачаныя, ці за свой кошт. 

Мяркуючы па вядомай СМІ колькасці выпадкаў, сітуацыя ў Докшыцкім раёне і горадзе Віцебску настолькі ж складаная, як у самых заражаных зонах Еўропы кшталту Ламбардыі ці Мадрыда, але мы пакуль на некалькі тыдняў «ззаду» па графіку эпідэміі.

Мінск

Пакуль статыстыка па рэгіёнах публікавалася, больш за палову выпадкаў адносіліся да сталіцы. Як паказвае прыклад Уханя і Нью-Ёрка, распаўсюд каранавіруса ў вялікіх гарадах можа адбывацца асабліва імкліва.

У сталіцы пацыентаў з каранавірусам, падазрэннямі на яго і пнеўманіямі прымаюць цяпер інфекцыйная бальніца, 6-я, 10-я і 3-я клінічныя бальніцы. Пад экстранныя патрэбы перапрафіляваны і адзін з карпусоў 4-й клінічнай бальніцы.

Як «Нашай Ніве» вядома ад медыкаў, за апошні месяц без лішняй агалоскі была праробленая вялікая праца па пераабсталяванні бальніц з тым, каб паток пацыентаў з пнеўманіямі не перашкодзіў наданню неадкладнай дапамогі іншым катэгорыям хворых і каб развесці патокі інфіцыраваных і неінфіцыраваных пацыентаў. «Проста каласальна шмат зрабілі», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з дактароў, многія з якіх працуюць у максімальным рэжыме.

Акрамя таго, у Мінску і Віцебску ўлады рыхтуюць паліклінічны персанал быць гатовым пры патрэбе да пераводу на працу ў бальніцы.

Некаторыя ўстановы аховы здароўя прапанавалі персаналу старэйшага ўзросту і з груп рызыкі часова пайсці ў адпачынак, каб зменшыць рызыку для іх здароўя.

Нямала выпадкаў пнеўманій і ў Мінскім раёне. У прыватнасці, гаворка была пра санаторый «Пралеска» ў Ждановічах. 

Сярод памерлых — яго электрык Валер Ш.

Чытайце таксама:

Трывожныя навіны з санаторыя «Пралеска»: каранавірус выявілі ў некаторых адпачывальнікаў. Усе яны пажылыя

У Мінску памёр яшчэ адзін пацыент з каранавірусам: ён адпачываў у «Пралесцы»

У амбулаторыі Ждановічаў — два выпадкі пнеўманій у медперсанала. Шпіталізавалі і іх родных

Сярод іншых вядомых эпізодаў з Мінска — смерць 60-гадовага інжынера аднаго з сакрэтных прадпрыемстваў.

Ад вядомага драматурга Андрэя Курэйчыка стала вядома пра тое, што ягоны тата заразіўся ў іншым санаторыі — Міністэрства ўнутраных спраў.

Вядома, што большая частка з 301 (па стане на 10 красавіка) заражэння медыкаў таксама адбылася ў Мінску.

«Палеская пляма»

З паведамлення Брэсцкай абласной санстанцыі — пазней выдаленага — і слоў старшыні Брэсцкага аблвыканкама вядома, што па стане на 8 красавіка больш за палову выпадкаў каранавіруса ў вобласці прыпадала на Лунінецкі раён.

Чытайце таксама: Што адбываецца з лунінецкімі сілавікамі?

У СМІ звярнулася дырэктарка крамы «Еўраопт» у Лунінцы і расказала, што яна разам з мужам цяжка хварэла на пнеўманію, але браць у іх аналіз на каранавірус адмаўляліся, пакуль муж не трапіў у рэанімацыю, а саму яе сястра прывезла ў Мінск і слёзна папрасіла шпіталізаваць тут.

Вядома таксама, што ў суседнім Жыткавіцкім раёне ў жанчыны з цяжкай пнеўманіяй спачатку дыягнаставалі каранавірус, а пасля абверглі гэта. Але неўзабаве ў Гомельскай інфекцыйнай бальніцы памёр 63-гадовы мужчына, які працаваў на тым жа заводзе, што і жанчына. Пра выпадак каранавіруса паведамлялася і ў суседнім Лельчыцкім раёне, а ў Пінску памёр 46-гадовы журналіст, сын яго цяпер на ізаляцыі ў раённай інфекцыйнай бальніцы.

Прынамсі ў 11 чалавек выявілі каранавірус у суседнім Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці.

Прынамсі пяць заражаных — у Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Але апошні выпадак, хіба што з палескай плямай не звязаны. Магчыма, ён пайшоў праз адну са спартшкол у Гомелі.

«Пляма на АЭС»

Улады Беларусі паведамілі пра выяўленне каранавіруса ў 15 рабочых, якія прыехалі з Урала, з Расіі. Праўда, пасля прагучала, што інфармацыя патрабуе дадатковай праверкі. Але ў ізаляцыю былі адпраўленыя і іншыя работнікі будоўлі.

Іншыя раёны — пакуль нешматлікія выпадкі

У астатніх раёнах выпадкі каранавіруса пакуль застаюцца нешматлікімі, гаворка пра адзінкі ці дзясяткі выпадкаў. Так, у Капыльскім раёне ўсё, магчыма, пачалося з дальнабойшчыка, які вярнуўся да маці. А найбольш пацярпелі педагогі адной са школ. 70-гадовая настаўніца памерла.

У Барысаве ад пнеўманіі згарэў 50-гадовы фельчар хуткай дапамогі.

Паведамлялася пра выпадкі ў Старобіне, Вілейцы, Стаўбцоўскім раёне, Лідзе, Іўеўскім раёне, Гродне, Брэсце, Янаве, Баранавічах, Косаве, Гомелі, Крычаве, Бабруйску, Шклове ды іншых мясцовасцях.

Мусім разумець, што з вірусам можам сутыкнуцца ўсюды. З гэтым нам прыйдзецца жыць наступныя 6, а можа быць і 18 месяцаў, папярэджвае Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Стрымаць эпідэмію могуць толькі свядомыя ды адказныя паводзіны. Трэба часцей мыць рукі, не дакранацца нямытымі рукамі да вачэй, носа і рота. А галоўнае — абмежаваць непатрэбныя кантакты і пазбягаць месцаў збору людзей і масавых мерапрыемстваў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?