У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце пачалі друкаваць экранныя маскі для медперсаналу на 3D-прынтары. Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Мінск-навіны» паведамілі ў прэс-службе ВНУ.
У сувязі з пандэміяй каранавіруса ў свеце і ўспышкай захворвання супрацоўнікі медустаноў асабліва маюць патрэбу ў ахове.
Лабараторыя хуткага прататыпавання FABLAB, створаная ў Навукова-тэхналагічным парку БНТУ «Палітэхнік», пачала вырабляць ахоўныя экранныя маскі для медустаноў, але даволі незвычайным спосабам.
Каркас друкуецца з дапамогай 3D-прынтара, на лазерным станку з лічбавым праграмным кіраваннем выразаецца экран. Далей да гэтай канструкцыі далучаецца тасьма для мацавання да галавы — і маска гатовая да выкарыстання.
З гэтага тыдня FABLAB плануе вырабляць да 100 масак штодзень.
Любы жадаючы можа ўключыцца ў праект па забеспячэнні маскамі медустаноў і не толькі. Для гэтага неабходна напісаць прадстаўнікам БНТУ ў сацыяльных сетках або па адрасе: [email protected].





