Жыткавічы.

Жыткавічы.

Сёньня ў Жыткавічах пахавалі 63-гадовага Мікалая Цярэню. Ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе, у супрацоўніцы якога знайшлі каранавірус, а потым «адклікалі» дыягназ. У пятніцу Мікалай трапіў у шпіталь у Гомлі. У суботу — памёр, піша Радыё Свабода.

Віталь, сын Мікалая, распавёў Свабодзе, што ў даведцы пра сьмерць напісалі «Вострая рэсьпіратарная недастатковасьць, вірусная пнэўманія».

«Сказалі хаваць у закрытай труне», — зазначыў Віталь. Пра каранавірус у даведцы не напісана, і вусна сыну сказалі, што COVID-19 у Мікалая не было.

Ягоная маці і пляменьніца трапілі ў Жыткавіцкі шпіталь як магчымыя кантакты. Але тэсты ў іх далі адмоўны вынік. «Маці сёньня ранкам выпісалі», — дадаў жыхар Жыткавічаў.

«Тату было блага 6 красавіка, падымалася тэмпэратура, ён выклікаў лекара на дом. Яго забралі спачатку ў раённы шпіталь, была двухбаковая пнэўманія. У пятніцу яго забралі ў Гомель. У суботу патэлефанавалі адтуль, што ён памёр. Сказалі, што адмовіліся працаваць ныркі і сэрца», — казаў 13 красавіка Віталь.

22 сакавіка ў жыхаркі Жыткавічаў, якая працуе на маторабудаўнічым заводзе, знайшлі каранавірус. Яна трапіла з пнэўманіяй у Гомельскі сухотны шпіталь. Пазьней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што тэст даў памылковы вынік. Тым ня менш завод апрацоўвалі дэзынфэкцыйнымі сродкамі.

Жанчына дагэтуль праходзіць лячэньне ў сухотным шпіталі ў Гомлі.

На Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе 13 красавіка ніхто з кіраўніцтва не здымаў слухаўку. Былая супрацоўніца заводу паведаміла Свабодзе, што на прадпрыемстве захварэла сакратарка прыёмнай, яна ў шпіталі. Яшчэ 10 супрацоўнікаў заводу — на самаізаляцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?