Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Фота Надзеі Бужан
Міністэрства аховы здароўя адмаўляецца сістэматычна публікаваць статыстыку пра колькасць выпадкаў каранавіруса па рэгіёнах Беларусі. Хоць статыстыка па іншых захворваннях, у тым ліку вірусных, рэгулярна публікуецца Белстатам.
Разам з тым лічбы пра колькасць выпадкаў прасочваюцца на розных узроўнях. Часам іх агучваюць рэгіянальныя санэпідстанцыі, часам — мясцовая прэса са спасылкай на галоўных дактароў бальніц. Нарэшце, статыстыку агучваюць на пасяджэнні абласнога штаба ў Віцебску.
І гэтыя апублікаваныя лічбы істотна адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя.
Чытайце. Мінздароўя: На Брэстчыне 3 чалавекі з каранавірусам. Санстанцыя: У вобласці 28 станоўчых тэстаў
Яскравы прыклад — сённяшняя сітуацыя з Докшыцамі, Бешанковічамі і Лёзнам.
«У Докшыцкім раёне зафіксавалі 72 выпадкі каранавіруса, Бешанковіцкім — 27, Лёзненскім — 22»,
— заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі падчас пасяджэння абласнога штаба. Яго словы перадае БелТА. Гэта ранішняе пасяджэнне, на ім агучваюцца вынікі па стане на 6-ю гадзіну раніцы.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падчас брыфінгу вырашыў таксама прайсціся па гарачых кропках.
«У Докшыцах 20 пацыентаў з лабараторна пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. У Бешанковічах — 7, у Лёзне — 8», — агучыў свежую статыстыку міністр праз некалькі гадзін пасля пасяджэння ў Віцебску. Статыстыка міністра — гэта тая самая статыстыка, паводле якой агулам у Беларусі 4779 выпадкаў.
Ці магло быць, што Каранік агучыў інфармацыю менавіта па горадзе, а не па раёне ў цэлым? Наўрад ці. Таму што ніхто не вядзе статыстыкі па горадзе асобна, а па раёне асобна, калі гаворка пра сельскія раёны. Дый праз некалькі секунд, згадваючы сітуацыю ў Мядзелі, міністр казаў агулам пра «жыхароў раёна».
Адказ тэарэтычна можа быць у розных казуістычных фармулёўках ці ў тым, што інфармацыя з абласцей суміруецца міністэрствам толькі праз некалькі дзён.
У якасці прыкладу можна ўзяць сітуацыю з нібыта хворымі на каранавірус 15 расіянамі на будаўніцтве АЭС. Іх першы тэст (як падкрэслівалася, расійскі, няякасны) даў станоўчы вынік. Але ўсе наступныя паказалі, што хваробы і не было. І што тады? Інфармацыя пра 15 хворых расіян агучвалася кіраўніцтвам вобласці, але ці трапіла ў статыстыку Мінздароўя? А калі трапіла, то што зрабілі пасля, выкраслілі іх?
«Наша Ніва» не атрымала магчымасці задаць гэтыя пытанні падчас брыфінгу Уладзіміра Караніка, хоць і прасіла пра гэта.
Факт застаецца фактам: лічбы, якія агучыла Міністэрства аховы здароўя ў пятніцу, у 3-4 разы адрозніваюцца ад лічбаў, якія ў той жа дзень апублікавалі структуры на месцах. У бок заніжэння.
Працяг тэмы: Мінздароўя патлумачыла, чаму словы Караніка і абласнога кіраўніцтва адрозніваюцца ў разы





