Сёння адбыўся брыфінг для журналістаў у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі. Яго дала намесніца міністра Алена Богдан. Яна даклала падрыхтаваную інфармацыю, але адмовілася адказваць на пытанні.

Сярод іншага, Алена Богдан паведаміла, што рост колькасці пнеўманій назіраецца ва ўсіх рэгіёнах краіны, акрамя горада Віцебска, дзе іх колькасць стабілізавалася.

«Мы паставілі задачу максімальнага выяўлення і папярэджвання захворвання — усё пнеўманіі сёння мы расцэньваем, як каранавірусныя», — адзначыла Алена Богдан. Гаворка тут не пра ўлік іх як каранавірусных, а пра падыходы да размяшчэння пацыентаў, меры засцярогі медперсаналу і методыкі лекавання. 

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы» з месцаў, у многіх гарадах, сярод якіх Віцебск, Мінск, Лунінец, Стоўбцы, Докшыцы, Бешанковічы, Ушачы, колькасць пнеўманій значна, у разы, перавышае ўзровень мінулага года на той жа перыяд. У той жа час колькасць афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі пакуль значна меншая за колькасць выяўленых пнеўманій — хоць абсалютная большасць інфікаваных пераносяць COVID-19 без развіцця пнеўманіі, у палове выпадкаў нават бессімптомна.

Цяпер у Беларусі задзейнічана палова з бальнічных ложкаў, зарэзерваваных для лекавання пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, заявіла Алена Богдан.

Усяго пад лекаванне пацыентаў з каранавірусам вызначана каля 9500 ложкаў, больш за 600 з іх абсталяваныя апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, сказала яна.

На сёння, паведаміла яна, у стацыянарах ляжаць 4733 пацыенты з COVID-19. Астатнія маюць лёгкую форму захворвання і лякуюцца дома.

«Пад асаблівым кантролем знаходзяцца 114 чалавек, у тым ліку і на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх», — адзначыла Алена Богдан.

Усяго ў Беларусі прыкладна 70 тысяч бальнічных ложкаў і 2300 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Па гэтых паказчыках Беларусь адносіцца да групы самых забяспечаных у свеце краін.

У барацьбе з каранавірусам задзейнічана 18% ад агульнай колькасці дактароў і 18% ад колькасці сярэдняга медперсаналу, заявіла Алена Богдан.

Алена Богдан таксама ўпершыню ад імя Міністэрства прынесла спачуванні сем'ям памерлых ад каранавіруснай інфекцыі. Раней грамадскасць крытыкавала ўлады Беларусі за адсутнасць такіх слоў спачування.

Фармат брыфінгу можа прадугледжваць адказы на пытанні, а можа і не прадугледжваць. На гэтым тыдні прадстаўнікі Мінздароўя ні разу не правялі прэс-канферэнцыі, яны абмежаваліся адным стрымам, дзе пытанні адбіраліся арганізатарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?