«У нас няма падстаў адмяніць парад Перамогі. Перакананы, гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей». Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, абмяркоўваючы анлайн бягучую сітуацыю ў свеце з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, піша БелТА.

Што тычыцца масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яны рыхтаваліся даўно, яшчэ з канца мінулага года. Самае важнае ў іх чарадзе — гэта парад Перамогі.

Але таксама на 8 мая запланавана мерапрыемства ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, дзе закладуць капсулы з зямлёй, прывезенай з розных дзяржаў, гарадоў-герояў.

«Мы вывучалі шмат варыянтаў. Але я прыйшоў пасля вывучэння ўсёй інфармацыі да такой высновы, што мы не можам адмяніць ніводнае з гэтых мерапрыемстваў. Мы ніводнага мерапрыемства не адмяняем. Але, натуральна, з улікам абстаноўкі вельмі строга падыходзім да правядзення гэтых мерапрыемстваў. Нікога туды не цягнем і не заганяем. Я ўпэўнены, што і без таго, каб настойліва туды запрашаць, людзей будзе шмат», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Пры нашай адкрытасці, пры тым, што мы ніводнае прадпрыемства, ніводны магазін, рэстаран не закрылі, ніводны кінатэатр, мы ўсё ж такі маем больш-менш нармальную абстаноўку», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму калі вы дзесьці чытаеце, што Лукашэнка крануўся розумам і не тое робіць, не слухайце і не чытайце.

Мы не дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю крутасць. На здароўі людзей гэтага ніколі не зробіш. Вы мяне добра ведаеце, я на гэта ніколі б не пайшоў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0