Паводле афіцыйных даных, у сакавіку ў Італіі зарэгістравалі на 49,4% больш смяротных выпадкаў у параўнанні з сярэднемесячным паказчыкам за папярэднія пяць гадоў, перадае ANSA.

Пачынаючы з 20 лютага, калі быў зафіксаваны першы смяротны выпадак ад каранавіруса, і да канца сакавіка смяротнасць у Італіі вырасла на 25 354 смяротныя выпадкі да 90 946. Сярэдні паказчык смяротнасці з 2015 па 2019 год складае 65 592.

У найбольш пацярпелых ад каранавіруса правінцыях зафіксавалі самыя высокія паказчыкі смяротнасці: Бергама (568%), Крэмона (391%), Лодзі (371%), Брэша (291%) і П'ячэнца (264%). Гэта значыць, што ў Бергама ў гэты месяц памірала ў 5—6 разоў больш людзей, чым звычайна, а па Італіі ў цэлым — у паўтара раза больш людзей, чым звычайна.

Раней лічылася, што ад каранавіруса ў Італіі да 1 красавіка памерла каля 13 тысяч чалавек, або амаль у два разы менш, чым дае статыстыка рэгістрацыі смерцяў. Новыя звесткі паказваюць, што пандэмія збірае нашмат больш ахвяр, чым спачатку меркавалі.

Ёсць усе падставы думаць, што і ў свеце ў цэлым ад новага каранавіруса памерла ў разы больш, чым тыя прыкладна 250 тысяч, звесткі пра якія сабралі міжнародныя арганізацыі. Нават у Еўропе дакладны падлік у моманты крызісу быў ускладнены. У таталітарных і аўтарытарных краінах жа сумленны падлік увогуле не вядзецца з палітычных меркаванняў.

Пандэмія выявілася больш смяротнай, чым многія меркавалі ўсяго некалькі месяцаў таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?