Каля 20 гарадзенцаў увечары 6 мая сабраліся ў парку Жылібера ў падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага — аўтара канала «Краіна для жыцця», піша Hrodna.life. Яго ў той жа дзень затрымала міліцыя ў прыгарадзе Магілёва.
Блогер падчас затрымання вёў стрым. Ён паспеў папрасіць падпісчыкаў канала прыехаць на месца інцыдэнту і падтрымаць яго.
У Гродне падпісчыкі Ціханоўскага сабраліся ў парку Жылібера. Прыйшло каля 20 чалавек. За імі пільна сачылі каля дзясятка супрацоўнікаў міліцыі. Пасля гэтага гарадзенцы вырашылі сабрацца ў іншым месцы.
«Сяргей Ціханоўскі робіць правільную справу, — распавядае Алена С. — Мы яго падтрымліваем і перажываем. Нам неабыякава, што з ім адбываецца. І сёння мы выйшлі ў Гродне ў знак салідарнасці, так робяць людзі па ўсёй Беларусі. Не паспелі мы сабрацца, як за намі сталі сачыць супрацоўнікі міліцыі».
«Мы за салідарнасць, — распавядае грамадзянскі актывіст Мікалай Салянік. — Сабраліся, каб падтрымаць Сяргея. Мы яго падтрымліваем, паважаем, падтрымліваем яго палітыку. Ён сапраўдны патрыёт. Жадаем, каб яго хутчэй выпусцілі. Я думаю, цяпер будзе з кожным днём людзей усё больш выходзіць».





