Прэзідэнцкія выбары ў Польшчы 10 мая не адбудуцца. Пра такое рашэнне канчаткова паведамілі ў сераду лідар кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі, а таксама яго партнёр па кааліцыі, лідар палітычнага аб'яднання «Згода» («Porozumienie») Яраслаў Говін.

«Спікер Сейма абвесціць аб новых прэзідэнцкіх выбарах у першы магчымы тэрмін», — пазначана ў тэксце заявы, распаўсюджанай Польскім агенцтвам друку.

Па словах яго аўтараў, гэта рашэнне было прынята «ў сувязі з адмовай апазіцыі прыняць усе канструктыўныя прапановы, якія даюць магчымасць правесці выбары прэзідэнта ў гэтым годзе ва ўстаноўленыя ў канстытуцыі тэрміны».

«Першы тур меўся прайсці ў нядзелю, 10 мая. Але з-за распаўсюду каранавіруса выбарчая кампанія амаль два месяцы фактычна замарожаная. Многія палітыкі і, паводле апытанняў, больш за 70% жыхароў Польшчы ў такіх умовах лічылі неабходным перанесці волевыяўленне на больш позні тэрмін. Міністэрства аховы здароўя рэспублікі рэкамендавала адкласці галасаванне, у выпадку яго правядзення ў класічным фармаце з арганізацыяй выбарчых участкаў, на два гады, улічваючы эпідэмію.

Прапаноўвалася зладзіць галасаванне праз пошту, але Сенат адхіліў законапраект аб паштовым галасаванні. Зараз рашэнне за Сеймам, які павінен зацвердзіць яго абсалютнай большасцю галасоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0