Сайт Мінаблвыканкама Mlyn.by паразмаўляў з дактарамі Валожынскай раённай бальніцы, як ім працуецца падчас эпідэміі каранавіруса. Канкрэтнай інфармацыі там мізэр, лічбаў не названа, пра маштабы можна толькі здагадвацца.

25-гадовая загадчыца інфекцыйнага аддзялення Ала Ількевіч кажа, што каардынуе працу кантактных груп, якія ўзаемадзейнічаюць з носьбітамі каранавіруснай інфекцыі, кантактамі 1-га і 2-га ўзроўняў. «Групы выязджаюць на выклікі штодня. Кожная ў сваю зону: Валожынскую, Ракаўскую і Івянецкую. Такіх выездаў за змену можа быць ад трох да дзесяці», — кажа Ала Ількевіч.

— Я кантралюю, у які дзень і каго з пацыентаў дактары павінны наведаць, калі неабходна ўзяць кантрольны мазок, — распавядае пра тонкасці сваёй цяперашняй працы Ала Ількевіч. — Акрамя таго, ніхто не адмяняў пацыентаў з іншымі хваробамі. У гэтым і ёсць праблема інфекцыйных аддзяленняў у раёне. Хочацца лячыць профільныя захворванні, але часта, каб выключыць розныя інфекцыі, прыходзіцца абследаваць людзей з гастрытамі або анкалогіяй.

У апошні час графік працы ў валожынскіх медыкаў, як, зрэшты, і ў іншых, моцна змяніўся. Працоўны дзень не абмежаваны — пачынаецца ў 8:00, канчаецца часам пасля 21:00. Выхадныя таксама даводзіцца надаць пацыентам.

«Шмат што яшчэ залежыць і ад таго, у колькі мы атрымалі інфармацыю ад санстанцыі і ў колькі з выезду прыехала кантактная група. Часам могуць ноччу выклікаць, — канстатуе дзяўчына. — Наколькі ў мяне цесны кантакт з заразай? Працую толькі з верагоднымі носьбітамі, у якіх амбулаторна бяру мазкі на каранавірус, а пасля яны аказваюцца станоўчымі.

У апошні час да дзесяці такіх выпадкаў было. Так што высокая верагоднасць заразіцца ёсць і ў мяне. Стаўлюся да гэтага спакойна, бо гэта мая праца і маё жыццё. Нас, дактароў, добра аберагаюць: носім рэспіратары, акуляры або шчыток, пальчаткі, дадатковыя халаты».

Пра будучыню каранавіруса ў Беларусі Ала Ількевіч кажа так: «Эпідэміёлагі прагназуюць пік заражэння ў 20-х чыслах мая, а далей, будзем спадзявацца, інфекцыя пойдзе на спад. Давайце набяромся цярпення. Разам мы зможам перамагчы гэтую хваробу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0