Дзяржава прымае недастатковыя меры па падтрымцы бізнэсу, у тым ліку рэстараннага — перакананы вядомы рэстаратар Беларусі Вадзім Пракоп'еў. Паўплываць на хамскую рыторыку дзяржавы ў дачыненні да прыватнага бізнэсу можна, толькі аб'яднаўшы намаганні, лічыць бізнэсмен. Пра сваё бачанне праблем знутры ён расказаў у відэа. 

Як паведамляе партал «Пра бізнэс», у канцы красавіка гэтага года была зарэгістраваная Асацыяцыя рэстаратараў Беларусі. Сярод яе заснавальнікаў папулярныя ў Мінску ўстановы. Старшынёй Асацыяцыі абраны Вадзім Пракоп'еў. Штодня колькасць удзельнікаў расце. Але аб'яднанне рэстаратараў, перакананы яго кіраўнік, павінна стаць масавым, уключаць тысячы і тысячы бізнэсаў — прыдарожныя кафэ, бары, кандытарскія, пякарні, рэстаранныя сеткі. Толькі тады вялікая верагоднасць, што голас рэстараннага бізнэсу будзе пачуты і не сутыкнецца з хамскім стаўленнем з боку дзяржавы.

Якіх мер асацыяцыя патрабуе ўжо цяпер? Увядзенне паніжальных каэфіцыентаў на арэнду памяшканняў, абмежаванне росту тарыфаў на электраэнергію, мараторый на праверкі і штрафы, зніжэнне падаткаў. Асацыяцыя плануе скласці ўласны праект антыкрызісных мер, паколькі ўказ №143, падпісаны Лукашэнкам, на думку рэстаратара, больш слушна было б назваць указам «аб паўмерах падтрымкі пацярпелых галін». 

«Уладальнікі бізнэсу і кіраўнікі, усе, хто трапіў сёння ў бяду, калі вы не хочаце разглядаць у ілюмінатар, як паўпустыя шлюпкі першага класа пакідаюць «Тытанік», калі вы згодныя з вышэйсказаным ці ў вас ёсць ідэі — рэгіструйцеся ў нашай Асацыяцыі. Мы прымаем ўсіх», — звярнуўся да калег Вадзім Пракоп'еў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0