Журналіста расійскага «Першага канала» Аляксея Кручыніна выслалі з Беларусі пасля матэрыялу пра эпідэмію каранавіруса ў нашай краіне. «Беларусь-1» назвала гэты выпуск «дном і прапагандай».

Чытайце. БТ: Сем фэйкаў пра Беларусь — гэта дно, таварышы прапагандысты з «Першага канала»

Аляксей Кручынін узначальвае карэспандэнцкі пункт «Першага канала» ў Мінску з 2015 года. Што пра яго вядома?

Кручынін падчас працы ў «ЛНР»

Кручынін падчас працы ў «ЛНР»

Аляксею 35 гадоў, ён родам з далёкага Уладзівастока. Скончыў журналістыку ў мясцовым універсітэце ў 2007-м. Працаваў у родным горадзе на тэлебачанні і радыё. У 2008-м стаў карэспандэнтам «Першага канала» на Далёкім Усходзе. Рабіў матэрыялы пра амурскіх тыграў, а таксама кітайскіх мігрантаў.

У 2014 годзе жыццё Аляксея Кручыніна крута мяняецца. Яго адпраўляюць працаваць карэспандэнтам у Луганск. Гэта той час, калі прарасійскія баевікі яшчэ нават не заявілі аб стварэнні так званай «Луганскай народнай рэспублікі».

«Людзі хочуць не толькі міру, але і годных умоў жыцця. Пра іх казаць усё цяжэй. Цэны растуць кожны дзень. Літр 95-га бензіну ў пераліку на расійскія грошы каштуе ўжо амаль 50 рублёў, пры гэтым сярэднія зарплаты тут у некалькі разоў ніжэйшыя, чым у Расіі. Людзі пакутуюць і ад недахопу аб'ектыўнай інфармацыі. На тэрыторыі Украіны забаранілі расійскія каналы», — наракаў Кручынін у адным са сваіх першых рэпартажаў.

Гэта быў красавік 2014, калі расійскія тэлеканалы яшчэ спрабавалі паказваць сваю нібыта нейтральнасць. Ужо ў маі таго ж года сітуацыя кардынальная змянілася. У дачыненні да ўкраінскіх вайскоўцаў Кручынін стаў выкарыстоўваць ужо звыклы штамп «карацелі».

«Віктар Іваноў у красавіку 44-га вызваляў ад нямецкіх захопнікаў Адэсу. І яму цяпер удвая балюча ад таго, што ў мірны час там здарылася масавая бойня, а фашызм, з якім яны так доўга змагаліся, зноў падымае галаву на Украіне», — перадаваў Кручынін 9 мая ў Краснадоне. Адпрацаваўшы месяц у «ЛНР», рэпарцёр вяртаўся ва Уладзівасток.

Другое прышэсце Кручыніна ў Луганск датуецца ўжо кастрычнікам 2014-га, калі частка баявых дзеянняў была скончаная. І галоўная мэта Кручыніна — паказаць, што Луганск максімальна хутка вяртаецца да нармальнага жыцця.

«Гуманітарная дапамога з Расіі дапамагла жыхарам Луганска перажыць самы цяжкі час, калі ў горад наогул перасталі дастаўляць прадукты. Цяпер кіраўніцтва абвешчанай рэспублікі ўжо пачало супрацоўнічаць з мясцовымі пастаўшчыкамі. Многія з іх гатовыя на першым часе працаваць з мінімальным прыбыткам, абы людзі не галадалі», — перадаваў журналіст.

Адпрацаваў Кручынін у «ЛНР» і мясцовыя выбары. Пра іх правядзенне расказваў з вялікім захапленнем. «Пра тое, што яўка будзе высокай, у ЛНР здагадваліся — пра гэта казалі даныя сацапытанняў. Але такога ажыятажу не чакаў ніхто. Выбаршчыкі выстройваліся ля дзвярэй сваіх участкаў з самай раніцы, яшчэ да пачатку галасавання. Людзі занадта доўга чакалі магчымасці самастойна выбіраць сваю ўладу. І для іх 2 лістапада стаў не проста знакавым — лёсавызначальным днём», — пафасна адзначаў Кручынін.

Ад красавіка 2015 года Кручынін стаў працаваць у Беларусі. Дастаткова хутка ён стаў «бамбіць» беларускіх нацыяналістаў, якія падтрымалі Украіну. «Пра тое, што беларускія нацыяналісты ваююць у шэрагах «Правага сектара» і наёмніцкіх батальёнаў, вядома даўно. Яшчэ мінулым летам у інтэрнэце з'явіліся звароты ад баевікоў так званага атрада «Пагоня», — адзначаў расійскі журналіст.

Засвяціўся Кручынін працай і ў Польшчы, і ў Малдове, і ў Латвіі. «У Латвіі амаль траціна этнічных рускіх. І вельмі хутка рускамоўная моладзь можа пазбавіцца права вучыцца на роднай мове. Першы крок ужо зроблены: з наступнага года экзамены можна здаваць толькі на латышскай. У планах ужо праз два гады поўны пераклад навучання ў старэйшых класах на дзяржаўную мову», — перадаваў ён з Рыгі.

Абслугоўваў Аляксей Кручынін расійскую прапаганду і падчас знаходжання вайскоўцаў у Сірыі. «Мірныя жыхары правінцыі Эс-Сувейда сустракаюць сірыйскіх салдат. Дарогу пасыпаюць рысам — самы сардэчны жэст. Шчырае захапленне ў кожным горадзе. Вайна скончылася, гэтыя месцы зноў пад кантролем законнай улады. Следам ідзе гуманітарная калона расійскага цэнтра па прымірэнні бакоў. Расійскаму трыкалору тут таксама вельмі рады», — лічыць карэспандэнт.

Дзе б ні працаваў Аляксей Кручынін, хай гэта будзе Луганск, Мінск ці Дамаск, ён, як добрасумленны працаўнік свайго тэлеканала, старанна адпрацоўваў задачы расійскай прапаганды.

Канапацкая: Выказваю падтрымку журналістам «Першага канала», якія заўсёды прафесійна робяць сваю працу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?