Аляксандр Арановіч і Уладзімір Няронскі

Аляксандр Арановіч і Уладзімір Няронскі

У розных гарадах Беларусі праходзяць суды над удзельнікамі акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, над удзельнікамі яго сустрэч і неабыякавымі грамадзянамі, якія выходзілі ў сваіх гарадах «карміць галубоў», паведамляе spring96.org.

Так, у Лідзе фельчар хуткай дапамогі Павел Палейчык атрымаў 7 сутак арышту, таксама на 7 сутак арыштаваны Андрэй Паляковіч.

Судзяць таксама Алега Краўцова, Максіма Палонскага, Паўла Анціпкіна (бацьку 4 дзяцей).

У Гомелі 7 мая суд Цэнтральнага раёна прысудзіў штраф (135 рублёў) палітычнаму актывісту Валеру Рэпніну і 15 сутак адміністратыўнага арышту Аляксею Саламашанку з вёскі Рудня Марымонава. Актывістаў абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАп РБ «Удзел у незаконным масавым мерапрыемстве» — акцыі «кармленне галубоў» ля нулявога кіламетра ў цэнтры Гомеля 3 мая.

У Магілёве за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу «з публічным абмеркаваннем улады» 5 мая судзілі блогера Уладзіміра Няронскага, а таксама Арцёма Сакава і Аляксандра Арановіча, якіх абвінавацілі ва ўдзеле ў гэтым несанкцыянаваным мітынгу. Усе трое віну не прызнаюць.

«Я блогер, гэта нармальна — сустракацца з людзьмі. У нас свабода слова па Канстытуцыі», — сказаў у судзе Няронскі.

Іх затрымалі 6 мая ў пасёлку Дружны. Аб адвакаце хадайнічаў толькі Сакаў — суддзя дала яму на пошукі і заключэнне дагавора паўгадзіны.

У выніку Сакаву і далі найменей — 5 сутак. Арановіч атрымаў 6 сутак, Няронскі — 10 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0