Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прагназуе, што падзенне ВУП Расіі ў 2020 годзе складзе 4,5% з-за «падвойнага ўдару» ў выглядзе негатыўных наступстваў пандэміі і падзення цэнаў на нафту, піша tass.ru.

Такім чынам, розніца з лістападаўскім прагнозам банка, у якім рост ВУП РФ у 2020 годзе прагназаваўся на ўзроўні 1,7%, склала 6,2%.

У 2021 годзе эксперты ЕБРР прадказваюць рост расійскай эканомікі на 4%.

Таксама банк прагназуе, што падзенне ВУП краін, у якіх рэалізуюцца яго праграмы, складзе 3,5% у 2020 годзе з-за наступстваў пандэміі, а ў 2021 эканомікі вернуцца да росту на ўзроўні 4,8%.

Скарачэнне ВУП у 2020 годзе прагназуецца ў кожнай з гэтых краін за выключэннем Егіпта, Туркменістана і Узбекістана, дзе па выніках года чакаецца эканамічны рост на ўзроўні 0,5%, 1% і 1,5% адпаведна.

«Крызіс стаў вельмі сур'ёзным ударам, а яго пераадоленне будзе не менш складаным. Гэта момант не для таго, каб звяртацца да палітыкі эканамічнага ізаляцыянізму і пратэкцыянізму, а для таго, каб забяспечыць для ўсіх лепшую будучыню, захоўваючы міжнародную прыхільнасць вядзенню свабоднага гандлю, барацьбе са змяненнем клімату і эканамічнаму супрацоўніцтву», — заявіла галоўная эканамістка ЕБРР Беата Яворчык.

Прагноз ЕБРР мяркуе, што выкліканы пандэміяй крызіс зробіць умераны ўплыў на доўгатэрміновую траекторыю змены аб'ёмаў эканамічнай вытворчасці. Ужо ў III квартале 2020 года ЕБРР чакае аднаўлення эканамічнага росту ў краінах рэгіёну. Пры гэтым у дакладзе адзначаецца, што «патэнцыйна магчымыя істотныя доўгатэрміновыя эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя наступствы» пандэміі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0