У распараджэнні «Нашай Нівы» аказалася даведка аб выніках міністэрскай праверкі ўстаноў аховы здароўя Віцебска, якая дае разуменне аб рэальным стане рэчаў у гэтым горадзе на пачатку пандэміі.
Праверка праходзіла з 30 сакавіка па 10 красавіка. У Віцебск, згодна з загадам Мінздароўя ад 27.03.2020 №355 выехалі:
- Юрый Горбіч — загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў БелМАПА
- Вольга Есманчык — галоўны пазаштатны спецыяліст па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе
- Ірына Болдырава — галоўны пазаштатны спецыяліст па экспертызе якасці аказання медыцынскай дапамогі
- Марына Масюк — загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы
- Іван Жыльцоў — загадчык кафедры персаналізаванай і доказнай медыцыны факультэта падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў ВДМУ
- Наталля Акуліч — дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб ВДМУ.
Яны правяралі гэтыя аб'екты:
- Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама;
- Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка;
- Філіялы паліклінікі №1, 2, 3, 4, 5, 6, 7;
- Віцебскі абласны клінічны стаматалагічны цэнтр;
- Інфекцыйная клінічная бальніца;
- Чыгуначная бальніца;
- Гарадская бальніца хуткай медыцыскай дапамогі;
- 1-я клінічная бальніца;
- Гарадскі скурна-венералагічны дыспансер;
- Віцебская гарадская цэнтральная клінічная бальніца (на базе супрацьсухотнага дыспансера).
Да якіх высноваў прыйшлі рэвізоры? У тэсце дакумента канстатуюцца абуральныя факты пра крайнюю незабяспечанасць віцебскіх бальніц і паліклінік.
Адразу ж адзначаецца, што «ва Упраўленні аховы здароўя адсутнічае відэасувязь з арганізацыямі аховы здароўя Віцебска, не праводзяцца нарады з Віцебскай фармацыяй, медтэхнікай для рашэння арганізацыйных бягучых пытанняў.
У сувязі з гэтым у ГУАЗ адсутнічае праўдзівая інфармацыя аб наяўнасці на складах сродкаў індывідуальнай аховы і фактычнай патрэбы ў іх у арганізацый [..]».
«Часткова выпраўлена», — рэзюмуе па выніку сканчэння праверкі праз некалькі сутак старшыня касіміі Іван Жыльцоў (чырвоным тэкстам у далейшых скрыншотах будуць ягоныя тлумачэнні аб выніках выпраўлення заўваг).
Кепская сітуацыя з кіслароднай разводкай — ёй на той момант маглі забяспечыць толькі траціну хворых.
Далей ідзе сумная канстатацыя:
«Аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі ў вышэйзгаданых стацыянарах, за выключэннем ГКБСМП, знаходзяцца ў вартым жалю тэхнічным стане (пабітая плітка, пацёртая фарба на сценах, дзіркі ў сценах, прыкметы працяглай адсутнасці рамонту, арганізацыя аддзяленняў рэанімацыі ў непрыстасаваных і сумешчаных з іншымі аддзяленнямі памяшканнях)», —
«Ва ўсіх стацыянарах, акрамя ГКБХМД, адзначаецца вялікі дэфіцыт медыцынскага абсталявання (недастатковая колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (далей — ШВЛ) (многія з якіх маральна і тэхнічна састарэлі, і не адпавядаюць сучасным патрабаванням, што прад'яўляюцца для пацыентаў з вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам)», — гаворыцца ў матэрыялах праверкі.
Праверка прыводзіць выпадкі безадказнасці: «Пры наведванні 07.04.2020 паліклінікі №2 адсутнічаў медыцынскі работнік у холе першага паверха для правядзення термаметрыі і размеркавання плыні пацыентаў. Са словаў адміністрацыі — адышла. У насценным дазатары адсутнічаў антысептык».
А таксама адзначае праблемы ва ўзаемадзеянні з міліцыяй:
Разам з гэтым, у дакуменце адзначаецца арганізаваная работа па кансультаванні састарэлых пацыентаў, пацыентаў з хранічнымі хваробамі, дастаўка ім валанцёрамі і медыкамі лекаў дадому.
Але ўсё ж камісія мела мэтай не пахваліць, а знайсці хібы.
«У кожнай паліклініцы маюцца інфікаваныя медработнікі, уключаючы галоўнага доктара паліклінікі №4 і двух загадчыкаў аддзяленняў ВГЦП», — гэта прыводзіцца як вынік «недастатковага разумення, апроч інфекцыяніста, правілаў правільнага карыстання сродкамі індывідуальнай аховы».
У канцы даведкі ідзе доўгі спіс высноваў і прапаноў.
Чытайце таксама: Новыя лічбы з Віцебска праліваюць святло на «Вялікую беларускую каранавірусную статыстычную анамалію»
Трывожная сітуацыя ў Віцебску пачала складвацца прыкладна з сярэдзіны сакавіка. Да канца месяца, ва ўмовах адсутнасці каранцінных абмежаванняў і яснай інфармацыі ў дзяржаўных СМІ, яна набыла характар эпідэміі. Лік выяўленых пнеўманій у горадзе, а пасля і вобласці пайшоў спачатку на сотні, а пасля на тысячы. Усяго, паводле інфармацыі абласных уладаў, за красавік у Віцебскай вобласці было выяўлена каля 5000 вірусных пнеўманій.
За перыяд эпідэміі ў горадзе заразілася каля 1500 медыкаў. Большасць з іх працягвае хварэць, толькі 308 пакуль вярнуліся да працы.
Колькасць памерлых ад пнеўманій у Віцебску і вобласці застаецца невядомай, гэтай статыстыкі ўлады не публікавалі.
У адрозненне ад многіх іншых краін, Беларусь не залічвае хворых на вірусныя пнеўманіі ў статыстыку заражаных каранавірусам аўтаматычна. Між тым так робіць, напрыклад, Кітай, пачынаючы ад 12 лютага. У Беларусі і каранавірусныя, і некаранавірусныя пнеўманіі лечаць разам — і гэта лагічна ў дадзенай сітуацыі. Але пры гэтым пнеўманіі не залічваюць у статыстыку каранавіруса і смяротнасці ад яго.
* * *
Вы можаце ананімна даслаць важную інфармацыю або ў тэлеграм-бот «Нашай Нівы», або ў бот тэлеграм-канала HARBACEVIČ





