Культуролаг і прафесар Юлія Чарняўская напісала ў фэйсбуку пра смерць свайго мужа Юрыя Зісера.
«Майго Юры больш няма. Гэта немагчыма. Але тое, што з яго стадыяй і формай хваробы ён пражыў чатыры гады, яшчэ больш немагчыма. Гэта было цудам, што здзіўляла дактароў. Так, ён такі! Ён аптыміст, жыццялюб і герой. Я ганаруся ім, як ганарылася 34 гады і яшчэ 15 дзён. І буду ганарыцца заўсёды», — напісала Чарняўская.
У сувязі з эпідэміяй сям'я не хоча рабіць адкрытае пахаванне.
«Прабачце. Хоць Юра памёр ад раку, ён доўга ляжаў у бальніцы, а бальніц без віруса цяпер не бывае. Не хочацца нікога ставіць пад небяспеку», — піша ўдава Зісера.
Калі эпідэмія схлыне, сям'я мае намер правесці вечар яго памяці.





