Праекты Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях вынесены на грамадскае абмеркаванне. Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 18 па 27 мая. Такая інфармацыя размешчана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Структура КаАП скарэкціравана. Аўтары праекта ўвялі катэгарызацыю правапарушэнняў у залежнасці ад ступені грамадскай шкоднасці і цяжару наступстваў. Сістэмна перагледжаны і дыферэнцыраваны адміністрацыйныя спагнанні. Уведзены інстытут прафілактычных мер уздзеяння, пашыраны пералік падстаў для вызвалення ад адміністрацыйнай адказнасці, пашырана кола дзеянняў, якія прыводзяць да яе толькі па патрабаванні пацярпелага.

Акрамя таго, з праекта КоАП выключаны прававыя інстытуты, характэрныя па сваёй сутнасці для крымінальнага, а не адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства (саўдзел у правапарушэнні, спроба ўчыніць правапарушэнне). Упарадкаваны тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання, спрошчаны і дакладна структурыраваны ўмовы адміністрацыйнай адказнасці суб'ектаў гаспадарання. Замацаваны эканамічныя стымулы для аператыўнай выплаты штрафу.

Што датычыцца праекта ПВКоАП, то структура кодэкса таксама скарэкціравана, у тым ліку з вызначэннем у самастойнай главе правіл адміністрацыйнага працэсу ў паскораным парадку. Распрацоўшчыкі вызначылі кола дзяржаўных органаў і арганізацый, надзеленых правам складаць пратаколы і разглядаць справы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Удакладнены парадак абскарджання дзеянняў і рашэнняў суддзі, службовай асобы органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, не звязаных з вынясеннем канчатковага рашэння па справе. У праекце ўлічаны прапановы, што паступілі ад зацікаўленых.

Праекты КоАП і ПВКоАП узгадняюцца паміж сабой. Абодва кодэксы перапрацаваны і ўніфікаваны такім чынам, каб аблегчыць іх успрыманне.

Арганізатар грамадскага абмеркавання — Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

Як паведамлялася, распараджэннем прэзідэнта Беларусі ад 17 снежня 2019 года нумар 247рп для падрыхтоўкі комплексных прапаноў па карэкціроўцы Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях створана міжведамасная экспертная камісія. У яе склад увайшлі работнікі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Генеральнай пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрстваў юстыцыі, унутраных спраў, па падатках і зборах, іншых ведамстваў, прадстаўнікі парламента, а таксама навуковай супольнасці. Кіруе камісіяй намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0