Фота Надзеі Бужан
Гісторыю апісвае сталічная міліцыя.
15 мая ў Цэнтральны РУУС паступіла паведамленне: на аўтарынку перад набыццём аўто з сумкі жанчыны скралі 26 тысяч даляраў і 20 тысяч еўра. Аднак міліцыянты, што прыбылі на месца здарэння, высветлілі, што насамрэч злачынства не было.
Жанчына прызналася, што патэлефанавала ў міліцыю, каб схаваць праўду ад мужа, з якім прыехала на аўтарынак. Доўгі час яна ўводзіла мужчыну ў зман і запэўнівала, што рэгулярна адкладае грошы, заробленыя ў камерцыі. У рэчаіснасці даходы траціліся на асабістыя і сямейныя патрэбы, пра што яна маўчала, каб не хваляваць блізкага чалавека.
— Муж і жонка прыехалі ў Мінск, каб не толькі купіць машыну, але і ўнесці задатак на куплю кватэры для дачкі.
Напярэдадні паездкі было вырашана пералічыць грошы. Жанчына папрасіла, каб не бачылі суседзі, завесіць шторы і пагасіць святло.
Насамрэч гэта рабілася для таго, каб ён не заўважыў падмену — замест сапраўднай валюты жанчына пералічвала сувенірныя еўра і даляры, якія яна некалькі гадоў таму купляла для выкупу нявесты на вяселлі.
На аўтарынку, пакуль муж размаўляў з прадаўцом, жанчына ўпотай дастала з сумкі сувенірныя грошы і схавала іх, пасля чаго паведаміла пра крадзеж.
Па прычыне таго, што ўсе абставіны былі высветленыя да прыняцця заявы аб злачынстве, у дачыненні да заяўніцы склалі адміністрацыйны пратакол за заведама лжывае паведамленне. Зараз жанчына чакае суда. Ёй пагражае штраф да 15 базавых велічынь (405 рублёў).





