Унікальнае гнездаванне калоніі унесенай у Чырвоную кнігу шызай чайкі выяўлена ў Брэсце, паведаміў БелТА намеснік дырэктара па навуковай працы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык.

«Калонія з трох пар шызых чаек гняздзілася ў гракоўніку. Такога да гэтага часу ў літаратуры не сустракалася. Другое: птушка размясцілася на вельмі вялікай вышыні (22 м) у жывых дрэвах. Яны, як арэлі, разгойдваюцца да 2 м, але гэта не перашкаджае птушкам выседжваць яйкі. І самае цікавае, што гэта сквер завадской тэрыторыі», — распавёў навуковец.

Шызая чайка лічыцца паўночнай птушкай. Арэал яе пражывання цалкам ахоплівае паўночную прыпалярную зону. У Беларусі від у асноўным прадстаўлены ў Віцебскім Паазер'і, дзе гняздзіцца на верхавых балотах і кар'ерах выпрацаваных торфараспрацовак. Тым не менш шызая чайка паступова рассяляецца на поўдзень і дасягнула шырот Брэста, дзе да гэтага часу была вядомая і шырока прадстаўленая азёрная чайка. 

«Цікава, што групоўка шызых чаек з'явілася ў нас у канцы зімы і здолела разагнаць калонію грака. Хоць у норме звычайна наадварот: птушкі роду крумкачоў лічацца драпежнікамі ў калоніях чаек. Гнёзды гракоў моцныя, таму чайкі асабліва сябе не турбавалі. Хоць яны таксама ўмеюць будаваць гнёзды, але ў гэтым выпадку кватэрнае пытанне ў іх было вырашана проста», — адзначыў Віктар Дзямянчык.

«Пад прыкрыццём шызых чаек з'явілася калонія дразда-рабінніка, які таксама заўсёды пакутуе ад крумкачовых, засяліліся і ўжо паспяхова вывелі першых сваіх птушанят галубы-вяхіры, іншыя драбнейшыя птушкі. Гэта значыць, у заводскім скверы стварылася цэлая супольнасць. Прычым гэтыя птушкі цалкам карысныя, яны не ствараюць людзям ніякіх праблем», — дапоўніў Віктар Дзямянчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0