Кахін Мірзалізадэ з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Фота са старонкі Кахіна Мірзалізадэ «УКантакце»

Кахіну Мірзалізадэ было 52 гады.

Яго шпіталізавалі з пнеўманіяй. Рабілі два тэсты на каранавірус, абодва былі адмоўнымі. Прычынай смерці Кахіна Мірзалізадэ запісалі сардэчную недастатковасць, распавялі «Нашай Ніве» яго сваякі.

Мірзалізадэ доўгія гады жыў у Беларусі. Ён вучыўся у Брэсцкім палітэху, пасля перавёўся ў сталіцу, у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У Мінску і застаўся.

Мірзалізадэ займаўся будаўнічым бізнэсам, валодаў кампаніяй «Сімург» і аднайменным міні-футбольным клубам.

Ураджэнец Азербайджана Кахін Мірзалізадэ (Абілаў) — талыш па нацыянальнасці. Усё жыццё займаўся абаронай свайго малога народа, вывучэннем яго культуры, выступаў як мецэнат. Абілаў быў заснавальнікам і кіраўніком Міжнароднага фонду адраджэння талышскай культуры, заснавальнікам Талышскай нацыянальнай акадэміі — аб’яднання вучоных, якія вывучалі талышскую гісторыю, этнаграфію, культуру.

Талышы — невялікі народ, што жыве на поўдні Азербайджана і поўначы Ірана і гаворыць на мове індаеўрапейскай групы. Талышоў усяго некалькі соцень тысяч, ім няпроста захоўваць сваю культуру і мову. 

«У пачатку 90-х Мірзалізадэ быў членам Народнага Фронта, сябраваў з дзеячамі беларускай культуры, у тым ліку з паэтам Рыгорам Барадуліным. Разам з Барадуліным яны падрыхтавалі зборнік перакладаў талышскай паэзіі на беларускую мову, які пакуль так і не ўбачыў свет», — распавялі сваякі.

Сын Мірзалізадэ — вядомы комік Ідрак Мірзалізадэ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру