Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе.

Якія можна зрабіць высновы на гэтай стадыі? Па-першае, сёлетняе брэсцкае «Дынама» не здольнае зноў выйграць чэмпіянат: леташнія лідары не цягнуць, Мілеўскі не маладзее, а Сяргей Кавальчук не змог замяніць Марцэла Лічку.

Імпульс берасцейцам мог надаць выйгрыш Кубка Беларусі, але ў фінале «Дынама» прайграла БАТЭ. Прытым вельмі крыўдна, ажно на 121-й хвіліне, калі ўсе ўжо падрыхтаваліся да серыі пенальці.

Толькі што Захар Волкаў прынёс перамогу БАТЭ ў фінале кубка. Фота: ФК БАТЭ.

Толькі што Захар Волкаў прынёс перамогу БАТЭ ў фінале кубка. Фота: ФК БАТЭ.

Па-другое, спад абодвух «Дынама» і «Шахцёра» дазволіў стаць цёмнымі кабылкамі «Энергетыку-БДУ» і «Тарпеда-БелАЗ». Некаторы час у лідарах ішоў і «Слуцк», але тры матчы без перамог адкінулі случчакоў на пяты радок.

Трэцяе — ужо на такой кароткай стадыі сфармавалася пара аўтсайдараў. «Белшына» і «Смалявічы» набралі ўсяго 3 і 4 балы адпаведна, не зведаўшы смаку перамог. Да таго ж каманда з Мінскай вобласці дагэтуль не можа гуляць на сваім полі, а таксама перажывае фінансавыя праблемы. Таму на пазітыўныя зрухі пакуль разлічваць не варта.

Вось як скончыліся матчы дзясятага тура:

  • «Дынама-Брэст» — БАТЭ 1:3 (40, Мілеўскі — 31, Драгун; 74, Няхайчык; 80, Міліч)
  • «Нёман» — «Тарпеда-БелАЗ» 3:1 (43, Расадкін; 70, Жукоўскі (п); 90, Марушыч — 10, Юсаў)
  • «Славія» — «Гарадзея» 1:1 (61, Чухлей (п) — 30, Ясковіч)
  • «Шахцёр» — «Белшына» 4:0 (21, Бегуноў; 78,81, Падстрэлаў; 88, Бодул)
  • «Слуцк» — «Рух» 1:1 (81, Сямёнаў — 88, Васільеў (п))
  • «Іслач» — «Энергетык-БДУ» 1:2 (27, Біток (п) — 13, Яхшыбоеў (п); 92, Юдчыц)
  • «Віцебск» — «Дынама-Мінск» 1:1 (19, Нікалаеску — 5, Бахар)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў наступнага тура, якіх, нарэшце, зноў будзе восем.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Смалявічы»

Тур адкрыюць геаграфічныя суседзі. «Смалявічы» на мінулым тыдні не гулялі праз каранцін у «Мінску». Магчыма, паўза магла неяк пазітыўна паўплываць на фізічны стан і маральны настрой каманды.

Жодзінцы прайгралі ў Гродне і паадставалі ад вяршыні табліцы. Гульня з аўтсайдарам — добрая нагода вярнуць страчанае. Тэсты на каранавірус у гульцоў «Тарпеда» паказалі адмоўны вынік, таму, магчыма, дасведчаныя лідары — Бардачоў, Хачатуран, Бушма — змогуць дапамагчы камандзе ў пятніцу.

Прагноз «НН»: перамога «Тарпеда».

«Гарадзея» — «Нёман»

Складаны матч для прагнозаў. «Гарадзея», якая перажывае фінансавыя цяжкасці, не можа перамагчы вось ужо пяць тураў, гэта адкінула каманду на дванаццаты радок.

У «Гарадзеі» ўсё несалодка. Фота: ФК «Гарадзея».

У «Гарадзеі» ўсё несалодка. Фота: ФК «Гарадзея».

Следам за імі знаходзіцца якраз «Нёман», але гродзенцы вельмі слаба гуляюць у гасцях: 1 бал з 12 магчымых і ўсяго 1 забіты мяч.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Белшына» — «Славія»

Яшчэ адна гульня каманд, якім вельмі трэба выпраўляць сваё турнірнае становішча.

У «Славіі» ўсяго адна перамога ў сямі апошніх турах. Бабруйчане наогул яшчэ не перамагалі ў сезоне, у папярэднім туры трапіўшы пад салігорскі каток.

Цікава, што ў чэмпіянатах Беларусі «Белшына» і «Славія» не сустракаліся вось ужо чатыры гады, а мазырчукі не могуць выйграць у бабруйчан ажно з 2012 года.

Прагноз «НН»: нічыя.

«Дынама-Мінск» — «Шахцёр»

Матч з самай цікавай афішай у гэтым туры, нягледзячы на тое, што каманды займаюць не найвышэйшыя радкі. Мінчукі наогул пакуль дзясятыя, а ў Леаніда Кучука не атрымліваецца знайсці падыходы да сваёй каманды.

Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Фота: ФК «Дынама-Мінск».

«Шахцёр» жа паўтара месяца не прайграе і змог падняцца на чацвёрты радок. У салігорцаў найлепшая абарона ў лізе — усяго тры прапушчаныя мячы ў дзесяці турах. Патэнцыял у гэтай каманды вельмі вялікі.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Энергетык-БДУ» — «Віцебск»

Цікавыя расклады: у «студэнтаў» выдатная серыя з чатырох перамог запар. Апошняя атрымалася асаблівая эмацыйнай — вырашальны гол у браму «Іслачы» быў забіты на 92-й хвіліне і атрымаўся вельмі прыгожым.

У «Віцебска» ж сітуацыя незайздросная: пяць матчаў без перамог, тры нічые ў трох апошніх турах. Але хлопцы Ясінскага змаглі адабраць балы ў «Шахцёра» і мінскага «Дынама», таму спісваць з рахункаў паўночную каманду не варта.

Прагноз «НН»: «Віцебск» не прайграе.

БАТЭ — «Іслач»

Эксперты дарма не вераць у перспектывы «Іслачы» ў гэтым матчы. Так, БАТЭ цяпер на кані, а ў «Іслачы» вялікія кадравыя праблемы.

Але варта згадаць, што «ваўкі» — вельмі нязручны супернік для барысаўцаў. Летась «Іслач» пакінула БАТЭ без кубка, а ў чэмпіянаце два сезоны запар забірала 4 з 6 магчымых балаў. Летась гэта каштавала «жоўта-сінім» чэмпіёнства.

Пасля паразы ад «Энергетыка» Віталь Жукоўскі абвясціў, што гэты сезон будзе для яго апошнім у якасці трэнера «Іслачы». Гэта ўжо не першы раз, калі Жукоўскі збіраецца сыходзіць, але ў папярэднія разы ён так гэтага і не зрабіў. Імаверна, калі сітуацыя наладзіцца, то трэнер зменіць сваю думку, але не самы прыгожы ход ад «важака» ў няпросты для каманды час.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Рух» — «Дынама-Брэст»

Наўрад ці нехта мог падумаць, што перад першым брэсцкім дэрбі ў чэмпіянаце «Рух» будзе вышэй за «Дынама» ў табліцы. Так, пасля нічыёй у Слуцку каманда Сяднёва абышла чэмпіёнаў на адзін бал.

На мінулым тыдні ў «Дынама» было два энергазатратныя матчы супраць БАТЭ, абодва берасцейцы прайгралі. Да дэрбі чэмпіёны падыходзяць не ў найлепшым фізічным і эмацыйным стане.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Мінск» — «Слуцк»

«Мінск» нарэшце вяртаецца з каранціну, але, каб мінчукі паспелі набраць форму, матч быў ссунуты з суботы на панядзелак. 

Для «Слуцка» гэта неблагі шанец зноў перамагчы. Да канца першага кола ў случчакоў даволі спрыяльны каляндар, таму прагназуем, што яны яшчэ будуць трымацца ў верхняй частцы табліцы.

На гэтым тыдні з'явілася інфармацыя, нібыта Алег Дулуб стане новым трэнерам «Мінска». Пакуль клуб гэта абвяргае, але Андрэю Разіну варта хутка выпраўляць турнірнае становішча каманды.

Прагноз «НН»: «Слуцк» не прайграе.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?