Вынікам правакацыі на пікеце ў Гродне стала затрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага і шэрагу яго паплечнікаў. Цяпер яны пераведзены ў Мінск, заведзена крымінальная справа па 364 артыкуле Крымінальнага кодэксу.
Чытайце таксама:
Правакацыя ў Гродне: АМАП затрымаў Ціханоўскага ВІДЭА
МУС пра затрыманне Ціханоўскага: заведзена крымінальная справа
«Прыемная дзяўчына пышных форм». Ідэнтыфікавалі правакатарку з сустрэчы з Ціханоўскім
Грамадствам справа ўспрымаецца адназначна як спроба сфабрыкаваць рэальны тэрмін для папулярнага палітычнага блогера, які кінуў выклік Лукашэнку.
Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч у сваім тэлеграм-канале запытаў сілавікоў, што яны думаюць пра затрыманне Ціханоўскага.
Сілавікі, якія працягваюць служыць, пакуль не выказваюцца публічна. Пад сваім імем гавораць людзі, якія выйшлі ў адстаўку. Сваю ацэнку падзеі даў капітан у адстаўцы Алег Манкус. Ён працаваў у сістэме МУС з 2002 па 2012 год.
Алег Манкус, фота з уласнага архіва за 2010 год побач з дзяжурнай часткай.
«Калi мы кажам пра артыкул 364 Крымiнальнага кодэкса, якi цяпер інкрымінаюць Ціханоўскаму, дык я скажу, гэта поўнае трызненне.
Артыкул прадугледжвае актыўныя дзеянні i прамы намер на гвалт, а чалавек не здзяйсняў нiякiх дзеянняў, накiраваных на гвалт у дачыненнi да супрацоўнiка МУС. Наадварот, супакойваў паплечнiкаў i звяртаў увагу, што гэта правакацыя.
Гэта добра вiдаць на вiдэа.
А вось да супрацоўнiка МУС ёсць пытаннi: па-першае, з пункту гледжання яго прафесiйных якасцей. Нейкая грамадзянка хапае iншага грамадзянiна за адзенне i патрабуе ад яго адказаў на свае пытаннi, прытым што гэты грамадзянiн не жадае з ёй камунікаваць. На мой погляд, дзеяннi грамадзянкi можна кваліфікаваць як дробнае хулiганства, але супрацоунiк МУС гэта iгнаруе i спрабуе схапiць Цiханоўскага. Навошта?
Якiм чынам гэта звязана з аховай правапарадку? Чые правы былi парушаны і чаму трэба было ужываць фiзiчную сiлу?
Цiханоўскi нiякiх актыўных дзеянняў не ўчыніў, яго закрылi паплечнікі.
Па-другое, што гэта за супрацоўнiк МУС, якi ледзь не страцiў прытомнасць i павалiўся, калi яго нават не штурханулі? Яму не сорамна? Цi выбываў ён хоць раз на сямейныя скандалы, цi стрымлiваў буйных алкаголікаў, цi увогуле здольны выконваць свае службовыя абавязкi?
А што б было, калi б яму трэба было затрымаць узброенага злачынцу? Гэта прафнепрыдатнасць!
Таму мне здаецца, што яму аддалi такi загад. У мяне няма сумневаў, што гэта спланаваная акцыя, бо і на машынах АМАП — мiнскiя нумары, і дама, што учынiла скандал, — з Мiнску, хлопцы у цывiльным, што заўважаны ў натоўпе, таксама апазнаныя як супрацоўнiкi сталiчнага АМАП.
Вельмi сорамна, што праваахоўнiкi замест аховы суайчыннiкаў улезлi ў гэтую смярдзючую справу».





