У эфіры «Беларусь-1» вядучы Сяргей Гусачэнка патлумачыў, што меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, абураючыся паводзінамі блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў, калі [той] яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усё — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах… На гэтага пацанёнка [супрацоўніка міліцыі — «НН»] наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя — гэта найлепшая рэклама. Яны гэта так разумеюць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сярэдзіне дня ў пятніцу.

А праз некалькі гадзін у Гродне была арганізаваная правакацыя з міліцыянтам, нібыта пацярпелым ад дзеянняў Сяргея Ціханоўскага. Карыстальнікі сацсетак задумаліся: як Лукашэнка здолеў так прадказаць сітуацыю?

«Дарэчы, меўся на ўвазе выпадак напярэдадні ў Магілёве, — запэўніў Сяргей Гусачэнка. — Дзе тая ж кампанія, збіраючы подпісы, заадно вырашыла навучыць супрацоўніка ДАІ правілам дарожнага руху. Вось так, агрэсіўна і з абразамі, гэтыя палітычныя дзеячы размаўлялі з маладым чалавекам, які проста выконваў сваю працу. Навошта?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0