Новазеландскія медыкі прызналі здаровым апошняга пацыента з каранавірусам, новыя выпадкі інфікавання не выяўляліся на тэрыторыі краіны больш за два тыдні. Пра гэта паведаміла ў панядзелак нацыянальнае Міністэрства аховы здароўя.
Упершыню з 28 лютага, калі быў выяўлены першы выпадак заражэння, на тэрыторыі краіны не засталося людзей з пацверджаным дыягназам.
Паводле звестак Міністэрства, агульная колькасць інфіцыкаваных у краіне складае 1 504 чалавекі. Вылечыліся 1482 пацыенты, памерлі 22. Апошні выпадак заражэння быў зарэгістраваны 22 мая. Тэставанне на наяўнасць каранавіруса прайшлі 295 тыс. чалавек.
Новая Зеландыя абвясціла пра перамогу над каранавірусам яшчэ ў канцы красавіка. З таго часу выяўлялі толькі адзінкавыя выпадкі, а цяпер вылечылі апошняга.
Краіна ўвяла строгія абмежавальныя меры ў самым пачатку эпідэміі. Былі хутка перакрытыя межы, уведзены строгі каранцін для ўсіх, хто вяртаўся з-за мяжы, закрытыя для наведванняў грамадскія месцы, кавярні і рэстараны (ім было забаронена нават працаваць на вынас або праз сэрвісы дастаўкі), абмежаваны грамадскі транспарт.
Дзякуючы гэтым мерам краіне фактычна ўдалося прадухіліць эпідэмію.
Цяпер большасць абмежаванняў знята.