На мінулым тыдні ў Беларусі з'явіўся новы ўрад, і гэтаму складу пастаўлена задача: не будаваць і нават не ламаць, а ратаваць збудаванае. Іншых ідэй няма і прад'явіць у якасці перадвыбарнай праграмы не будзе чаго, упэўнены незалежны аналітык Сяргей Чалы. Ён таксама распавядае tut.by, чым сканчаецца гісторыя эканамічнага папулізму і якія сімптомы расколу элітаў ужо відавочныя ў Беларусі.
Нельга прайсці міма заявы Лукашэнкі аб тым, што «краіну яны не атрымаюць». «Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, збіраючы крупіцы, ствараючы гэтую квітнеючую краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусцілі па свеце гэтых небарак, якія заўсёды пад бізуном хадзілі».
— Важна разумець, што за гэтым «мы» стаіць. Раней гэта «мы» ўключала ўсю краіну і насельніцтва. Цяпер «мы» — гэта нават не ўвесь урад. Гэта ён і блізкія, асабіста адданыя яму людзі.
Эксперт лічыць, што фатальнай памылкай Лукашэнкі стаў перанос парламенцкіх выбараў, хоць многія казалі аб мэтазгоднасці спачатку правесці прэзідэнцкую кампанію.
— Яшчэ ў лістападзе мінулага года, падчас парламенцкіх выбараў, ён казаў: «Калі грамадству не падабаецца, як гэта арганізуе прэзідэнт, у наступным годзе змогуць выбраць новага. Я пасінелымі пальцамі за крэсла трымацца не буду…» — і сёння чалавек адкрытым тэкстам кажа: «Мы вам краіну не аддамо». Незалежна ад таго, што яму скажуць на выбарах.
А верагоднасць пачуць на выбарах «не» рэзка павысілася, лічыць Чалы.
— Як усё ж такі цікава назіраць заход гэтай «унікальнай беларускай паліт-эканамічнай мадэлі», якая была канчаткова сфармуляваная пасля рэферэндуму 1996 года і дасягнула росквіту да 2006 года. Мы не раз казалі, што нічога ўнікальнага ў гэтым вопыце няма. Наш вопыт цалкам апісаны вядомым артыкулам пра гісторыю эканамічнага папулізму ў Лацінскай Амерыцы. Там апісаны ўсе гэтыя ваганні паміж умоўным сацыялізмам (калі мы раздаём насельніцтву бонусы і будуем «белых сланоў», прадпрыемствы, якімі можна ганарыцца, але толькі яны не карысць прыносяць, а знішчаюць рэсурсы) і абвальнымі дэвальвацыямі, збядненнем насельніцтва. І тады на месца ўмоўнага Альендэ прыходзіць умоўны Піначэт. І пачынаюцца антыкрызісныя мерапрыемствы.
Мне заўсёды здавалася, што крахам мадэлі ў нас будзе вычарпанне гэтай «савецкай» часткі — на нейкім хістанні маятніка адбудзецца яго разбурэнне. Цяпер відавочна, што разбурэнне адбудзецца не там, а ў частцы ўмоўнага Піначэта.
Сяргей Чалы адзначае, што ёсць базавая тэарэма кібернетыкі аб неабходнай разнастайнасці. Калі ў вас ёсць n задач, то вы для іх рашэнні павінны мець як мінімум n+1 інструмент. У фізіцы гэта тое, што называецца ступенню свабоды сістэмы: як у вас рухаецца сустаў, да прыкладу.
Аўтарытарныя рэжымы, калі сутыкаюцца з сур'ёзным знешнім выклікам, знешняй складанасцю, не здольныя адказваць павелічэннем сваёй унутранай складанасці. Яны пачынаюць рэдукцыю да вядомых папярэдніх мадэляў.
— Цяпер адбываецца сацыяльны рэгрэс — рэдукцыя да простасці. Пры гэтым вы становіцеся вельмі рыгіднымі і, як дыназаўры, раней ці пазней выміраеце з-за змены знешніх умоў.
Сістэма рухаецца ў сваім натуральным кірунку: яна ліквідуе свае ўласныя свабоды. Той урад, які прызначаны, гэта ваенны ўрад апошніх дзён дыктатуры. Так сканчаецца гісторыя эканамічнага папулізму ў Лацінскай Амерыцы. Так сканчаецца гісторыя нашай мадэлі.
«Выкананне галоўнай мэты — дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя», — кажа Аляксандр Лукашэнка.
Але інструментаў для гэтага няма, упэўнены аналітык.
— Нельга ж сур'ёзна лічыць інструментам, што называе прэзідэнт, які адзначае, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, але меры для абароны ўнутранага рынку прымаць усё ж неабходна.
«Наш унутраны рынак невялікі, але і аддаваць яго ні ў якім разе нікому нельга. Гэта тое пытанне, якое стаіць перад урадам, і той урад не вырашыў гэтае пытанне, — заявіў Лукашэнка. — Бяздумна аддаваць свой рынак замежным вытворцам нельга. Мае даручэнні па яго абароне папярэдні ўрад, на жаль, не выканаў, і прынцыповыя рашэнні вам неабходна прыняць у найбліжэйшы час».
Рыторыку Лукашэнкі Чалы параўноўвае з андропаўшчынай, часам позняга СССР.
Прэзідэнт кажа пра аднаго з канкурэнтаў за прэзідэнцкі пост. «Хай ён растлумачыць, што такое інвестыцыі ў дзеючыя дзяржпрадпрыемствы (дапусцім, на МТЗ я нядаўна быў), на якіх застанецца не 18 тысяч работнікаў, а 1,8 тысяч. Астатнім дамо па 500-600 не тое рублёў, не тое даляраў, хай перавучваюцца на іншыя спецыяльнасці. У мяне паўстае пытанне: чалавек прэзідэнтам наогул збіраецца абірацца? Заявіць перад выбарамі, што выкіне на вуліцу… таму што інвестар больш не пакіне» — упэўнены Лукашэнка.
Але рэальна пры такім раскладзе ў эканомікі будзе шанец спыніць знішчэнне рэсурсаў і пачаць вырабляць нешта патрэбнае, у чалавека — атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць, адзначае Чалы.
Ён звяртае ўвагу на яшчэ адну фразу Лукашэнкі, якая не ўвайшла ў тэкставую версію: «Тут некаторыя ўжо запІсалі — вось прыйдзе да ўлады, буду ў яго [Бабарыкі] працаваць».
— Пра што гэта ён? Хто гэтыя «некаторыя»? Яго ўласны ўрад? Там ёсць людзі, якія думаюць пра тое, як было б ім працаваць з новым прэзідэнтам? — разважае Чалы.
Лукашэнка заяўляе: «Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць. … Мы гэтую краіну нікому не аддамо. Каб з яе здзекаваліся, каб яе дэстабілізавалі штодзень, парвалі на кавалкі, камусьці аддалі. І каб вы, тыя, хто яшчэ там неяк варушацца-хістаюцца, не разумееце, запомнілі гэта. У гэтай краіне маё жыццё. І многіх з вас».
— Тым, хто кажа, што ў Беларусі няма расколу элітаў, раю звярнуць увагу на гэтыя словы. А каму, як не элітам, прэзідэнт гэта гаворыць? Гэта той выпадак, калі прэзідэнт кажа больш, чым сам хоча. Сістэма падышла да канца, лагічнага завяршэння. Прэзідэнт сам прызнаецца, што нават у яго наменклатуры ёсць прыкметы ваганняў і сумневаў.
У палітычным полі ўсё канчаецца мітуснёй, сумнеўнымі 900 тысячамі даляраў на лецішчы, адсочваннем тых, хто прыходзіў на мерапрыемствы Ціханоўскага.
— Вы ўжываеце няправільную тактыку, адзін раз яна ўжо не спрацавала — з каранавірусам, калі вы ўзяліся адсочваць кантакты першага ўзроўню. Так і тут: працаваць не будзе, вірус ужо ў папуляцыі. Трэба пераходзіць да іншых мераў, — раіць Сяргей Чалы.
Ці наважыцца ўлада на палітычны каранцін, пакажа час.





