Яшчэ адзін метад барацьбы з іншадумцамі апрацавалі дзяржаўныя ідэолагі і спецслужбы. З’явіўся тэлеграм-канал «Жоўтыя З.» [не даем поўную назву — «НН»], які спецыялізуецца на брудзе ў адносінах да тых людзей, якія выступаюць супраць Аляксандра Лукашэнкі.
Прыкладна такі кантэнт прадукуюць «Жоўтыя З.»
У асноўным «Жоўтыя З.» пішуць пра ўдзельнікаў выбарчай гонкі: Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, а таксама пра Сяргея і Святлану Ціханоўскіх. Задача да немагчымасці простая — паказаць палітыкаў у непрывабным святле.
Для гэтага ў ход ідуць відэанарэзкі, інтэрнэт-мемы, цытаты з савецкіх фільмаў і мульцікаў. Амаль усё тое, што на дзяржаўным тэлебачанні практыкавалі і ў 2001 годзе, і ў 2006-м.
«Крэатыў» звычайна зводзіцца да таго, што эмблему каманды Бабарыкі яны здольныя параўнаць з… дупай. Узровень жартаў пяцікласніка. Альбо наляпіць твар Бабарыкі да жабрака з савецкага фільма, які выпрошвае мільён.
Канечне ж, у стылістыцы культавых «Дзяцей хлусні» варта пераапрануць апанентаў улады ў форму паліцаяў. Прапаганда не змагла знайсці больш эфектыўных і новых метадаў працы з людзьмі, чым старыя канспекты Юрыя Азаронка і Аляксандра Зімоўскага.
Тое, што гэта не праца нейкага энтузіяста, а мэтанакіраваная палітыка, сведчаць перапосты, якія дружна робяць праўладныя тэлеграм-каналы. Такіх выпадковасцяў не бывае.
Прычым дзіўным чынам робіцца гэта амаль адначасова: «Пул Першага», Агенцтва тэлевізійных навін («Беларусь-1»), тэлеканал АНТ. Усе яны дружна сталі перадрукоўваць кантэнт «Жоўтых З.». Зрэшты, вялікай папулярнасці гэты канал не набраў. Людзі цудоўна бачаць, што выглядае ўсё гэта бездапаможна і паныла.
Вядзецца тэлеграм-канал ананімна. Цікава, што пры гэтым самі чыноўнікі нярэдка крытыкуюць ананімнасць у тэлеграме.





