У міліцыю Ганцавіч звярнулася пенсіянерка з заявай аб знікненні вялікай сумы грошай, якія належалі яе мужу, піша «Звязда».
У аграгарадку мужчына жыў каля двух гадоў, даглядаў старую маці. Пасля яе смерці вырашыў вярнуцца на радзіму, перад гэтым зняўшы ўсе свае зберажэнні — амаль 11 тысяч рублёў. Патэлефанаваў сваякам, распавёў, дзе будуць захоўвацца грошы, і… памёр.
Калі тыя прыехалі ў дом і не знайшлі наяўнасці, то выклікалі міліцыю. Аператыўнікі разгледзелі розныя версіі.
У выніку міліцыянеры выйшлі на расіянку, якая дапамагала мужчыне па гаспадарцы. У жанчыны быў ключ, і яна ведала пра буйную суму — родныя напярэдадні прыезду прасілі яе пашукаць грошы. Пазней жанчына прызналася, што, калі прыбіралася, нібыта выпадкова венікам вымела поліэтыленавы пакет са зберажэннямі з-пад тумбачкі.
Скрадзеныя рублі аператыўнікі выявілі ў яе ў двары: скрутак у слоіку жанчына закапала ў хляве.





