«О'кей! Тут усё о'кей! Толькi дыхаць мне з кожным днём цяжэй»

Беларусы з розных гарадоў і краін разам у анлайне зайгралі і заспявалі песню гурта N.R.M. «Паветраны шар»: https://youtu.be/NzcPh6aVt_Q.

Грамадская кампанія «Годна» разам з музыкам Сержуком Доўгушавым, лідарам гурта Vuraj і стваральнікам ініцыятывы «Спеўны сход», запусціла штотыднёвы музычны праект «Спяваем Годна».

Сэнс яго: збіраць у анлайн-фармаце беларусаў з розных куткоў свету і спяваць вядомыя і знакавыя беларускія песні разам з іх аўтарамі і выканаўцамі.

У запісе песні «Паветраны шар» паўдзельнічалі Лявон Вольскі, вядомыя оперныя спевакі Маргарыта Ляўчук і Павел Кацюшын, музыкі гуртоў Vuraj і Dee Tree, палескі народны калектыў «Каляжанкі» і іншыя беларусы, якія жывуць у розных гарадах Беларусі і свету.

Тыдзень таму, 1 чэрвеня, быў прэзентаваны першы ролік «Спяваем Годна», у якім беларусы разам са Змітром Вайцюшкевічам спявалі песню «Я нарадзіўся тут»: https://youtu.be/1v_nXJCW2Kk.

У запісе новых песень можа паўдзельнічаць кожны ахвотны, для гэтага трэба далучыцца да тэлеграм-канала і чата «Годна»: https://t.me/hodnaby.

Там Сяржук Доўгушаў будзе публікаваць анонсы і інструкцыі па новых песнях, а таксама даваць парады, як правільна спяваць і граць, каб Яўгену Цярэнцьеву, які ў праекце адказны за вытворчасць відэа і гуку, было прасцей усё гэта зводзіць у адзін ролік.

У планах праекта «Спяваем Годна» запрашаць вядомых беларускіх музыкаў і штотыднёва выпускаць новыя ролікі. Калі вам спадабаўся першы выпуск, то на MolaMola можна падтрымаць праект, каб ён стаў рэгулярным: https://molamola.by/cmp/7NG.

А калі скончыцца пандэмія каранавіруса, то арганізатары праекта хочуць сабраць яго ўдзельнікаў і гледачоў, каб ужо ў жывым фармаце нарэшце разам заспяваць гучна і годна.

Падрабязней пра кампанію «Годна»: https://hodna.by/.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0