Юлію Карначаву затрымалі 8 чэрвеня прыкладна ў 16:30, калі яна збірала на Савецкай плошчы подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. Прычыну затрымання супрацоўнікі міліцыі не распавялі, піша Hrodna.life.

Затрымліваў члена ініцыятыўнай групы начальнік аддзела службы прафілактыкі Ленінскага РАУС Вадзім Налівайка.

«Падышоў супрацоўнік міліцыі, апрануты «па грамадзянцы», паказаў пасведчанне і папрасіў Юлію прайсці з ёй, — распавядае валанцёр Павел. — Ён быў не адзін і ніякага супраціву з нашага боку ніхто не аказваў. Юлія спытала, чаму яе затрымліваюць. Ён сказаў, што растлумачыць ёй потым, пры гэтым дадаў, што «закрываць» яе не будуць. Ну як такое можа быць? Маглі па позве выклікаць раніцай, але ім спатрэбілася яе затрымаць, калі яна збірала подпісы».

Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Гродне адзначаюць, што міліцыя аказвае на іх моцны ціск з пачатку кампаніі па зборы подпісаў. У Гродзенскім рэгіёне самая маленькая ініцыятыўная група Ціханоўскай — 7 чалавек. Каардынатара групы Дзмітрыя Фурманава затрымалі яшчэ 29 мая.

Юлію Карначаву адпусцілі ў 18:00. На яе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за 29 мая па артыкуле 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства, караецца ад 2 да 30 базавых велічынь альбо адміністрацыйным арыштам). Нібыта «жанчына замінала праезду аўтатранспарту, стукала па аўтамабілі рукамі, хапала за вопратку грамадзян і супрацоўнікаў міліцыі, спрабавала наўмысна задумаць бойку». З пратаколам Карначава не згодная. Калі яе выклічуць у суд, пакуль невядома.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?